БЕЛ Ł РУС

Ультраправыя прывезлі ў Вену ўласную скульптуру Яна III Сабескага. Горад адмаўляецца ставіць афіцыйны помнік свайму вызваліцелю з-за страху ісламафобіі

13.09.2026 / 19:33

Ф. Раўбіч

Шматгадовая спрэчка вакол ушанавання памяці польскага караля і вялікага князя літоўскага, які ўратаваў Вену ад асманскай аблогі ў XVII стагоддзі, перарасла ў вулічныя акцыі праварадыкальных груповак з уласнымі манументамі. Улады горада не даюць паставіць помнік праз асцярогі справакаваць антытурэцкія настроі. Іх пазіцыя выклікала жорсткі дыпламатычны крызіс з Варшавай і пратэсты мясцовай апазіцыі.

Акцыя аўстрыйскіх і польскіх радыкальных груповак на ўзгорку Каленберг 12 верасня 2026 года. Фота: Młodzież Wszechpolska

У суботу 12 верасня ў 343‑ю гадавіну Венскай бітвы на ўзгорку Каленберг прайшла акцыя аўстрыйскага «Ідэнтытарысцкага руху» на чале з Марцінам Зельнерам і польскай радыкальнай арганізацыі «Усяпольская моладзь».

Як паведамляе выданне Der Standard, удзельнікі прывезлі з сабой і ўсталявалі на гары Каленберг невялікую бронзавую скульптуру Яна III Сабескага. Пазней актывісты зладзілі пратэст з фаерамі і банерамі перад штаб-кватэрай Сацыял-дэмакратычнай партыі Аўстрыі ў цэнтры Вены. Дзеянні праварадыкальных груп праходзілі пад шчыльным наглядам паліцыі, якая абсталявала 150‑метровую буферную зону для прадухілення сутыкненняў з антыфашыстамі, якія пратэставалі ў раёне Хайлігенштат.

Венская бітва 1683 года. Фота: Wikimedia Commons

Венская бітва 1683 года з'яўляецца адной з ключавых падзей еўрапейскай гісторыі. Аб'яднаныя войскі Свяшчэннай Рымскай імперыі і Рэчы Паспалітай пад камандаваннем польскага караля і вялікага князя літоўскага Яна III Сабескага разграмілі армію Асманскай імперыі, зняўшы двухмесячную аблогу аўстрыйскай сталіцы.

Вырашальную ролю ў бітве адыграла маштабная атака 20‑тысячнай кавалерыі, якая ўдарыла па турэцкім лагеры непасрэдна з узгорка Каленберг. Гэтая перамога назаўжды спыніла асманскую экспансію ўглыб Еўропы і стала пераломным момантам у шматвяковым супрацьстаянні, забяспечыўшы дамінаванне Габсбургскай манархіі ў Цэнтральнай Еўропе на наступныя дзесяцігоддзі.

Партрэт караля Яна III Сабескага паказвае яго як антычнага героя з лаўровым вянком трыумфатара. Паміж 1673 і 1677. Нацыянальны музей у Варшаве. Фота: Wikimedia Commons

Радыкалізацыя гістарычнай даты стала вынікам афіцыйнай адмовы венскага магістрата ад усталявання паўнавартаснага манумента польскаму каралю і вялікаму князю літоўскаму Яну III Сабескаму. Ініцыятыва ўзнікла ў 2013 годзе, а ў 2018‑м праект атрымаў фармальную згоду.

Адліты помнік каралю Яну III Сабескаму, калі ён быў часова ўстаноўлены на падворку францысканскай базілікай у Кракаве. Фота: catholicworldreport.com

Бронзавая конная скульптура вышынёй 8 метраў і вагой 3 тоны была адлітая ў Польшчы па праекце кракаўскага скульптара Чэслава Дзвігая. Кампазіцыя паказвае караля на кані ў суправаджэнні гусараў з пераможанымі туркамі пад капытамі. Гатовы манумент так і не перасёк мяжу Аўстрыі і цяпер вымушана выстаўляецца ў польскіх гарадах, у тым ліку каля палаца ў Канчыцах-Вельке.

Гарадская рада Вены пад кантролем сацыял-дэмакратаў канчаткова заблакавала праект. Дарадца Вены па пытаннях культуры Вероніка Каўп-Гаслер патлумачыла рашэнне рэкамендацыямі экспертаў, якія раілі адмовіцца ад гераізацыі і мілітарысцкай рыторыкі на карысць сімвалаў міру.

Паводле заявы магістрата, горад не будзе ствараць пляцоўку для ксенафобскай агітацыі і распальвання ісламафобскіх ці антытурэцкіх настрояў сярод насельніцтва. Чыноўнікі настойваюць, што помнік ужо існуе ў выглядзе ўсталяванага ў 2018 годзе пустога гранітнага пастамента з тэкстам на трох мовах, які заклікае да мірнага суіснавання.

Гранітны пастамент, які ўлады Вены лічаць завершаным і дастатковым мемарыялам. Фота: wien.orf.at

Рашэнне аўстрыйскай сталіцы справакавала дыпламатычны скандал. Пасол Польшчы ў Аўстрыі Зянон Касіняк-Камыш рэзка скрытыкаваў пазіцыю Вены. Дыпламат назваў пусты пастамент з ледзь чытэльным надпісам неадпаведным маштабу гістарычнай асобы.

Ён таксама ўказаў на наяўнасць у горадзе мемарыялаў такім супярэчлівым постацям як Чэ Гевара і Іосіф Сталін, а таксама маштабнага помніка савецкай арміі на цэнтральнай плошчы.

Акцыя аўстрыйскіх і польскіх радыкальных груповак на ўзгорку Каленберг 12 верасня 2026 года. Фота: Młodzież Wszechpolska

Дзеянні кіруючай партыі сустрэлі жорсткі супраціў аўстрыйскай апазіцыі. Прадстаўнікі правай Аўстрыйскай партыі свабоды назвалі сітуацыю праявай гістарычнай амнезіі і парушэннем ранейшых абяцанняў, падкрэсліўшы фактычную немагчымасць існавання Вены ў сучасным выглядзе без умяшання Сабескага.

Да крытыкі далучылася кансерватыўная Аўстрыйская народная партыя. На знак пратэсту супраць шматгадовай бяздзейнасці палітыкі гэтай партыі яшчэ ў жніўні 2026 года ўсталявалі на пустым пастаменце сімвалічную кардонную копію помніка ў поўны рост, запатрабаваўшы ад магістрата выканаць свае абавязацельствы перад польскім бокам.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула