Цэны на нерухомасць у Мінску дасягнулі чарговага рэкорду
Ужо $2295 за метр — і цэны працягваюць расці.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: lookby.media
Рэкорд за рэкордам
Паводле падлікаў Realt.by, сярэдні кошт метра ў сталіцы па прапановах амаль дасягнуў адзнакі 2500 даляраў ($2499). За год ён вырас на 30%.
Фота: скрыншот з сайта realt.by
Па рэальных здзелках цэны таксама падраслі. Па выніках жніўня за квадрат у Мінску ў сярэднім плацілі амаль 2300 даляраў ($2295). Гэта на 1000 даляраў за метр больш, чым было чатыры гады таму, у жніўні 2022-га.
Пры гэтым назіраецца тэндэнцыя, калі цэны растуць, а колькасць здзелак, наадварот, меншае. За жнівень у сталіцы было 1180 здзелак, што на 5% менш, чым у ліпені. Калі параўноўваць са жніўнем 2025 года, то колькасць здзелак у Мінску скарацілася больш чым на 20%.
Яшчэ адна цікавая тэндэнцыя крыецца ў тым, што меншае розніца паміж цаной прапановы і цэнамі ў рэальных здзелках. Па выніках жніўня яна складае 8%, хоць яшчэ ў пачатку года складала каля 13—14%.
Што было пасля папярэдніх рэкордаў?
Калі глядзець на больш працяглую гісторыю цэн на нерухомасць, то папярэдні пік коштаў прыходзіўся на верасень 2013 года, калі рэальны кошт метра ў Мінску дасягнуў 1765 даляраў.
Тады каля года метр па рэальных здзелках трымаўся на ўзроўні каля 1700 даляраў. Пасля цэны пачалі падаць, і ў выніку той рэкордны ўзровень быў паўторна дасягнуты толькі праз 12 гадоў — летам 2025 года.