БЕЛ Ł РУС

Упершыню за год зафіксаваныя масавыя залёты расійскіх дронаў на Гомельшчыну

14.09.2026 / 11:28

Nashaniva.com

Як правіла, гэта былі не рэактыўныя, а класічныя «герані».

Ілюстрацыйнае фота: AP Photo Efrem Lukatsky, File

Упершыню за год зафіксаваныя масавыя залёты расійскіх ударных беспілотнікаў у Гомельскую вобласць на працягу сутак. Такога не было роўна год — на працягу апошніх месяцаў фіксаваліся толькі адзінкавыя выпадкі. Апошні раз масавыя адначасовыя залёты былі ў пачатку верасня 2025 года, піша «Флагшток».

І вось 12—13 верасня, паводле падлікаў «Флагштока» і ўдакладненых звестак, мінімум 10 расійскіх беспілотнікаў парушылі паветраную прастору Беларусі.

Падчас масіраванай атакі Расіі ў суботу прыкладна а 11:00 пачаліся першыя ўварванні беспілотнікаў у Беларусь. У гэты час адзін з іх ужо вылятаў ва Украіну, а праз гадзіну два беспілотнікі заляцелі на Гомельшчыну і накіроўваліся ў бок Нароўлі і Лельчыц. Затым яшчэ два рухаліся ў напрамку Мазыра. Каля 14:00 на Гомельшчыну заляцела новая пара расійскіх дронаў. Праз паўгадзіны — яшчэ адзін беспілотнік.

Прыкладна ў 02:30 13 верасня быў зафіксаваны вылет з Беларусі аднаго беспілотніка, каля 10:40 — яшчэ аднаго.

Большасць дронаў вылецелі назад у Украіну, але дакладнай інфармацыі аб усіх беспілотніках, якія ўрываліся ў Беларусь, пакуль няма.

Паводле інфармацыі ўкраінскага маніторынгавага канала eRadar, як правіла, гэта былі не рэактыўныя, а класічныя «герані» з рухавіком, гук якога нагадвае гук мапеда.

Часцей за ўсё дроны парушалі паўднёвую мяжу Гомельскай вобласці і рухаліся ў напрамку Мазыра, Нароўлі і Лельчыц.

Паводле звестак канала eRadar, два дроны каля 13:45 былі зафіксаваныя ў Мазырскім раёне на адлегласці 20 кіламетраў ад беларуска-ўкраінскай мяжы. 

Акрамя таго, адзін з жыхароў Петрыкаўскага раёна паведамляў, што прыкладна з 10:00 да 12:00 чуў у небе характэрны гук «шахедаў», а таксама — рэактыўнага рухавіка. Магчыма, дроны пераследвалі знішчальнікі.

Залёты беспілотнікаў былі звязаныя з масіраванай атакай Расіі на заходнія вобласці Украіны ва ўмовах туманнага надвор'я. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула