Максім Знак выпусціў новы кліп
Былы палітвязень і адкават Максім Знак выпусціў кліп на песню «Маякі». У ёй расказваецца пра людзей-маякоў, якія падтрымліваюць іншых і даюць надзею.
Кадр з кліпа
«Калі ўжо рабіць — дык не шкадаваць пасля!
Калі ўжо быць — дык быць як маяк!» — спяваецца ў прыпеве.
У кліпе Максім Знак — у сваёй былой турэмнай робе.
«Гэты кліп — «Маякі» — рыхтаваўся да выхаду разам з «Ходзікам», бо Людзі-ходзікі і Людзі-маякі — гэта ж дылогія, гэта дыхатамія, на якой пабудавана мноства выбітных твораў сусветнай літаратуры, ды і свет наш таксама, — напісаў Максім Знак у фэйсбуку. —
Але версія кліпа, знятая ў Гданьску — там, дзе і мора, і маякі, і караблі, і сонца… — чамусьці не прайшла, чагосьці не хапала. Можа, цемры?
Потым з’явілася думка, што, як і ў «Ходзіках», трэба выкарыстаць святло… З’явіўся сюжэт, дзеля якога давялося нават апрануць ненавісную вопратку, — усё толькі каб паказаць адну гісторыю пра тых з людзей-маякоў, хто падтрымліваў зняволеных і яркімі промнямі прабіваўся праз усю турэмную шэрасць і безнадзейнасць».