БЕЛ Ł РУС

Авіякампанія AirBaltic пайшла ў санацыю

14.09.2026 / 21:17

Nashaniva.com

Латвійская авіякампанія AirBaltic 14 верасня паведаміла, што звярнулася ў суд у Нью-Ёрку з заявай аб абароне ў рамках 11‑га раздзела Кодэкса аб банкруцтве ЗША, вядомага як працэдура Chapter 11. Кампанія пачынае фінансавую рэструктурызацыю, мэта якой — знізіць даўгавую нагрузку і зрабіць яе дзейнасць больш фінансава ўстойлівай, паведамляе Reuters.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Nicolas Economou/NurPhoto via Getty Images

Пры гэтым для пасажыраў сітуацыя, паводле заявы кампаніі, не зменіцца. На працягу ўсяго працэсу, які будзе праходзіць пад наглядам суда, самалёты AirBaltic будуць лётаць паводле звычайнага раскладу. Усе набытыя білеты і зробленыя браніраванні застануцца сапраўднымі, а абслугоўванне кліентаў будзе працягвацца без перапынкаў.

Кантрольны пакет AirBaltic належыць ураду Латвіі.

Кампанія таксама паведаміла, што атрымала ад групы крэдытораў абавязацельства выдзеліць 350 мільёнаў еўра фінансавання на перыяд рэструктурызацыі. Сярод гэтых крэдытораў называюцца Strategic Value Partners, Barclays, Hayfin Capital Management, Morgan Stanley і Oaktree Capital Management. Гэтыя сродкі павінны дапамагчы авіякампаніі працягваць працу падчас фінансавай рэструктурызацыі.

У кампаніі адзначылі, што Chapter 11 з'яўляецца распаўсюджанай працэдурай у ЗША, якая дазваляе кампаніі перабудаваць свае фінансы пад наглядам суда і адначасова працягваць працу. Раней падобны механізм выкарыстоўвалі, у прыватнасці, авіякампаніі SAS, United Airlines, Delta Air Lines, GOL і American Airlines.

Прэзідэнт і выканаўчы дырэктар AirBaltic Эрна Хільдэн заявіў, што галоўная задача кампаніі цяпер — працягваць палёты і адначасова рэалізоўваць змены, прадугледжаныя новым бізнэс-планам.

Чытайце таксама:

«Белавія» аднаўляе палёты ў маскоўскі аэрапорт «Жукоўскі»

Самалёт у Расіі экстранна сеў праз недахоп паліва. Ён ляцеў праз Казахстан з-за беспілотнікаў

У аэрапортах Вялікабрытаніі ўзнік хаос пасля масавага тэхнічнага збою

Польская авіякампанія LOT патлумачыла залёт свайго самалёта ў Беларусь

Каментары да артыкула