БЕЛ Ł РУС

28‑гадовую ўкраінку з Марыупаля асудзілі ў Мінску за палітыку. Чаму яна прыехала з Польшчы ў Беларусь, няясна

15.09.2026 / 09:00

Баляслаў Ліманоўскі

Праз складанасці з працай і здароўем Аксана Дзячук сабралася вяртацца ў родны горад, хай і пад акупацыю.

Аксана Дзячук. Фота з яе тэлеграма

Аксана Дзячук нарадзілася ў 1998 годзе ў Марыупалі. Вясной 2022 года, калі расійскія войскі штурмавалі горад, яна адчайна спрабавала знайсці ў лакальных чатах маці — настаўніцу Наталлю Яўстаф'еўну, з якой больш як на месяц знікла сувязь.

Кватэра сям'і была знішчаная, а маці ў выніку засталася без жытла. Сама Аксана тады змагла выехаць на Валыншчыну (у Турыйск і Ковель), але ўжо ў лістападзе 2022 года шукала магчымасці выезду далей на заробкі.

Увосень 2023 года дзяўчына пераехала ў Польшчу разам са сваім хлопцам-беларусам. Яны пасяліліся ў горадзе Зялёна-Гура, дзе Аксана ўладкавалася працаваць на склад. У эмігранцкіх чатах яна высвятляла юрыдычныя тонкасці для свайго хлопца з беларускім пашпартам. 

Аксана Дзячук. Фота з яе тэлеграма

Пры канцы 2025 года Дзячук дзялілася сваім расчараваннем праз нявырашаныя побытавыя справы і хваробы: «Захварэла, не вырашыла пытанне з працай і цяпер, падобна, давядзецца вяртацца ў родны горад. Не зрабіла і палову таго, што хацела».

Што адбылося пасля — незразумела. Дзячук паехала ў Беларусь — ці праз Беларусь, — але трапіла ў СІЗА. Адбылося гэта на пачатку гэтага года.

Аксану Дзячук асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361‑4 КК). Звычайна ў такіх выпадках людзей судзяць за перадачу звестак пра перасоўванне расійскіх войскаў, інфармацыйную дапамогу Украіне і палітвязням, інтэрв'ю незалежным і замежным медыя.

Чытайце таксама:

Айцішнік паехаў з Лодзі на святы ў Беларусь і трапіў за краты. Што пра яго вядома

Маркетолаг прагнозу надвор'я WindyApp прыехаў на радзіму — і яго пасадзілі на пяць гадоў за крыптаданаты Украіне

У Гомелі за палітыку асудзілі кіраўніка аб'яднання, якое шукае парэшткі ахвяраў вайны і сталінскіх рэпрэсій, і яго жонку-медсястру

Каментары да артыкула