ЗША ўпершыню прызналі, што размясцілі зброю ў космасе
Міністр ВПС ЗША Трой Мейнк заявіў, што гэтая зброя неабходная для абароны амерыканскіх сіл ад «эвалюцыянуючых пагроз».
Ілюстрацыйнае фота Pgiam / Getty Images
ЗША ўпершыню прызналі, што размясцілі на калязямной арбіце наступальную зброю. Выступаючы ў панядзелак на Канферэнцыі па паветранай, касмічнай і кібервайне, міністр ВПС ЗША Трой Мейнк заявіў, што гэтая зброя неабходная для абароны амерыканскіх сіл ад «эвалюцыянуючых пагроз». Ён не ўдакладніў магчымасці гэтай зброі і не паведаміў, калі менавіта яна была выведзена на арбіту, піша Бі-бі-сі.
Да гэтага часу амерыканскія афіцыйныя асобы толькі заяўлялі пра намеры ўзмацніць ваенныя магчымасці ў космасе, спасылаючыся на расійскія і кітайскія праграмы, накіраваныя на атаку і парушэнне працы амерыканскіх спадарожнікаў у выпадку ваеннага канфлікту.
Адміністрацыя Трампа згадвала, што запланаваная сістэма «Залаты купал» для перахопу ракет і іншых мэтаў, якія пагражаюць тэрыторыі ЗША, будзе ўключаць і касмічны кампанент, у тым ліку ракеты-перахопнікі.
У 1967 годзе СССР і ЗША падпісалі дамову, якая забараняе размяшчэнне ў космасе зброі масавага знішчэння — Дамову аб прынцыпах дзейнасці дзяржаў па даследаванні і выкарыстанні касмічнай прасторы, уключаючы Месяц і іншыя нябесныя целы. Яна адкрытая для падпісання іншымі краінамі.
Аднак дамова не распаўсюджваецца на звычайныя віды ўзбраенняў, і ў апошнія гады Расія, Кітай і ЗША развівалі розныя сродкі, якія дазваляюць атакаваць спадарожнікі праціўніка. Такія спадарожнікі неабходныя для сувязі, разведкі і навігацыі.
У 2019 годзе ў ЗША ўпершыню за 70 гадоў быў створаны новы від узброеных сіл — Касмічныя сілы. У мінулым годзе прэзідэнт Дональд Трамп выдаў указ аб тым, што Касмічныя сілы маюць не толькі абарончыя, але і наступальныя задачы.
Прэс-сакратар Касмічных сіл патлумачыў, што для гэтых мэтаў у іх ёсць «кінетычныя і некінетычныя сродкі».
У пачатку лютага стала вядома, што два расійскія спадарожнікі з пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну, з высокай верагоднасцю, перахоплівалі сігналы як мінімум з 12 еўрапейскіх апаратаў. Перахопленыя сігналы маглі быць даступныя расійскай разведцы, а гіпатэтычна існавала і небяспека захопу кіравання спадарожнікамі.