БЕЛ Ł РУС

«Бальніца Піт» названая найлепшым драматычным серыялам года

15.09.2026 / 07:12

Nashaniva.com

«Бухта ўдоваў» — найлепшы камедыйны серыял і 14 узнагародаў.

Ноа Уайлі. Фота: John Shearer/WireImage/Getty Images

У Лос-Анджэлесе ўвечары 14 верасня адбылася 78‑я цырымонія ўручэння тэлевізійнай прэміі «Эмі» — галоўнай у сферы тэлебачання. Галоўныя ўзнагароды атрымалі медыцынская драма HBO Max «Бальніца Піт» і камедыйны хорар Apple TV «Бухта ўдоваў».

«Бальніца Піт», якая лідзіравала па колькасці намінацый — іх было 25, — другі год запар прызнана найлепшым драматычным серыялам. Сёлета выйшаў другі сезон, першы сезон выйшаў на экраны год таму.

Кадр з фільма, серыял працягнуты на трэці сезон

Ноа Уайлі другі раз запар атрымаў «Эмі» як найлепшы акцёр у драматычным серыяле за ролю доктара Майкла Рабіновiча («Робі»).

Найлепшай драматычнай актрысай стала Рэй Сіхорн за галоўную ролю ў серыяле Вiнса Гілігана «Адна з нас».

Галоўным трыумфатарам сярод камедый стаў серыял «Бухта ўдоваў» — гісторыя невялікай астраўной супольнасці ў Новай Англіі (усходняе ўзбярэжжа ЗША), якая сутыкнулася з шматвяковым праклёнам.

З улікам прэмій Creative Arts Emmy, уручаных тыднем раней, серыял атрымаў 14 статуэтак, усталяваўшы новы рэкорд для камедыйнага праекта за адзін сезон.

Акрамя галоўнай узнагароды за найлепшы камедыйны серыял, «Бухце» прынеслі «Эмі» Мэцью Рыз за галоўную мужчынскую ролю, Кейт О'Флін і Стывену Руту — за ролі другога плана.

Узнагароды таксама атрымалі стваральніца серыяла Кэці Дыпалд і рэжысёр Хіра Мурай.

Пры гэтым найлепшай актрысай у камедыйным серыяле пяты раз запар стала Джын Смарт за ролю Дэбары Вэнс у «Хітрасцях».

Kevin Mazur/Getty Images

Адным з галоўных герояў вечара стаў валійскі акцёр Мэцью Рыз, піша Бі-бі-сі.

Акрамя перамогі за «Бухту ўдоваў», ён атрымаў узнагароду як найлепшы акцёр міні-серыяла або тэлефільма за «Звер унутры мяне».

Рыз стаў першым у гісторыі «Эмі» акцёрам, які заваяваў дзве ўзнагароды за галоўныя ролі ў розных катэгорыях на адной цырымоніі.

Раней, у 2018 годзе, ён быў прызнаны найлепшым драматычным акцёрам за серыял «Амерыканцы». Такім чынам, цяпер у яго калекцыі ёсць акцёрскія перамогі «Эмі» ва ўсіх трох асноўных жанравых катэгорыях.

Шпіёнскі серыял «Павольныя коні» (Slow Horses) быў прадстаўлены ў некалькіх намінацыях і атрымаў узнагароду за найлепшую рэжысуру драматычнага серыяла (эпізод «Scars», рэжысёр Сол Мэцсцін). На гэтым тыдні выйдзе шосты сезон хіта з Гэры Олдманам, Джэкам Лаўдэнам і Крысцін Скот Томас.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула