БЕЛ Ł РУС

«Пакой маньяка»: Анатоль Васэрман паказаў свой кабінет з калекцыяй эратычных календароў і порна

15.09.2026 / 12:25

Максім Сыраежка

Дэпутат Дзярждумы Расіі, былы знаток Анатоль Васэрман пусціў да сябе ў госці журналістку Ксенію Сабчак. Кватэра аказалася запоўненая рознымі прадметамі: стосы кніг, макеты зброі, партрэты Пуціна і Сталіна. Аднак сапраўдны шок выклікаў працоўны кабінет Васэрмана.

Анатоль Васэрман. Тут і далей скрын відэа: sobchak / youtube

Анатоля Васэрмана шмат хто памятае па інтэлектуальных тэлегульнях «Што? Дзе? Калі?» і «Свая гульня», а пасля — па адданай падтрымцы Пуціна. Падчас інтэрв'ю Ксенія Сабчак прыйшла да яго ў кватэру.

Першае, што кінулася ў вочы Ксеніі Сабчак, гэта стан жытла. Велізарны пакой завалены рэчамі: на падлозе стосы кніг, дзясяткі копій зброі, некалькі старых офісных крэслаў, а ўздоўж сцен — кніжныя шафы пад самую столь.

«У вас тут такая прыгажосць, чысціня, проста мінімалізм», — з іроніяй заўважыла Сабчак і тут жа пацікавілася: — А вы рэальна вось так жывяце ці гэта ўсё ж такі нейкі склад?»

 «І жыву, і склад. У прыватнасці, тут заўсёды назапашваецца вельмі шмат усялякай дробязі», — адказаў Васэрман.

Пуцін, Сталін, кот і Калашнікаў

У пакоі — партрэты Пуціна і Сталіна.

«Хто для вас усё ж такі важнейшы, Анатоль Аляксандравіч?» — пацікавілася Сабчак.

«Ды абодва. Кожны з іх рабіў найлепшае з таго, што дазвалялі яму абставіны», — заявіў дэпутат.

Далей Сабчак звярнула ўвагу на карціну Нікаса Сафронава, дзе Васэрман адлюстраваны ў вобразе ката, і макет аўтамата Калашнікава побач.

«Вы ж разумееце, што гэта абсалютна мемная сцяна. У вас тут Пуцін, Сталін, кот і Калашнікаў. Такое не прыдумаеш ні ў якім трызненні пры тэмпературы сорак», — пракаментавала Сабчак.

«Тут не толькі Калашнікаў, тут шмат усякіх копій зброі. Баявой не трымаю, бо наш закон дазваляе ўзбройвацца толькі злачынцам», — адказаў Васэрман.

На пытанне, ці насіў бы ён зброю пры сабе, калі б гэта было легальна, як у Тэхасе, дэпутат адказаў:

«Хутчэй за ўсё, хадзіў бы. Але давялося б патраціць даволі шмат часу на трэніроўкі. Насіць зброю, якую не ўмееш ужываць, бессэнсоўна».

Па словах Васэрмана, вайсковай справай ён цікавіцца яшчэ з дзяцінства, што адлюстроўваецца не толькі ў макетах зброі, але і ў вялікай колькасці тэматычных кніг у кватэры. Акрамя таго, дэпутат пахваліўся поўнай калекцыяй мадэляў савецкіх і расійскіх самалётаў.

«Навошта вам столькі голых баб?»

Калі з вялікай гасцёўні Сабчак прайшла ў кабінет гаспадара, то не змагла стрымаць эмоцый:

«Божа мой! Мы такое нават паказаць не зможам. Гэта ж проста пакой маньяка! Ну чаму, Анатоль Аляксандравіч? Навошта вам столькі голых баб?»

 «Вы ж бываеце ў музеях, дзе аголенай натуры даволі шмат? Гэта зноў жа ў калекцыю. Калекцый у мяне шмат і розных», — не збянтэжыўся Васэрман.

Аператар паказаў паліцы з кнігамі, шчыльна завешаныя перакіднымі календарамі з аголенымі жанчынамі. На момант здымак на ўсіх быў адкрыты красавік.

«А навошта, каб яны так усе віселі? Гэта для падняцця тонусу перад камп’ютарам?» — спытала Сабчак.

«Не. Проста навошта трымаць калекцыйныя прадметы, калі іх не бачыш?» — адказаў Васэрман з усмешкай.

Ён дадаў, што быў вымушаны зняць некаторыя календары, каб яны не трапілі ў кадр падчас анлайн-інтэрв'ю.

Сабчак вырашыла распытаць гаспадара пра ягоныя густы ў кіно для дарослых:

 «А вы якое больш порна любіце? Расійскае, амерыканскае, нямецкае?»

 «Нацыянальных адрозненняў маецца, вядома, нямала, але няма такіх, што ўплываюць на ўспрыманне», — адказаў Васэрман.

На пытанне, ці ёсць у яго любімы стыль порна, Васэрман адзначыў: «Розныя ёсць. І тым цікава, што розныя».

Калі ж Сабчак пацікавілася, ці ведае ён зорак індустрыі — напрыклад, Рока Сіфрэдзі, знаўца адразу паказаў на забітыя дыскамі паліцы:

«Ну, памятаецца, недзе вось тут у калекцыі ёсць нават пара дыскаў менавіта з яго падборкамі».

«А Надзю Сказку ведаеце?» — спытала журналістка.

«Чуваць чуў, бачыць пакуль не даводзілася. Я ж не спецыяльна за гэтым ганяюся. Што пад руку патрапіць».

«А ці няма тут нейкай крамолы? У вас там расійскі сцяг з георгіеўскай стужкай, а побач вось такія карцінкі», — з'едліва падсумавала Сабчак.

«Я думаю, што каму трэба, той угледзіць крамолу ў чым заўгодна», — адказаў дэпутат.

Пра зарок цнатлівасці

Напрыканцы размовы пра порна Сабчак вырашыла распытаць Васэрмана пра ягоны знакаміты зарок цнатлівасці:

«У выніку нешта здарылася?»

«Не. Я занадта паважаю сваё слова, каб яго парушаць», — адказаў Васэрман.

«Не шкадуеце?» — пацікавілася Сабчак.

«Шкадую. Шкадую пра сваё юнацкае глупства, якое падштурхнула мяне да такога неабдуманага ўчынку. Але ўсё, што я магу з гэтай нагоды зрабіць: з таго часу я свае словы абдумваю значна больш старанна».

На пытанне, ці паставіў ён ужо канчатковы крыж на гэтай тэме, знаток адказаў, што пачынаць у ягоным узросце ўжо позна:

«Звычайна людзям напрацаваны досвед дазваляе кампенсаваць недахоп гармонаў. Ну а ў мяне досведу няма, кампенсаваць няма чым».

Чытайце таксама:

Пуцін даў грамадзянства Расіі Васерману і Куперману

Чаго ня ведае Анатоль Васэрман

Салаўёў абвінаваціў Ксенію Сабчак і яе маці Нарусаву ў дзяржздрадзе

Каментары да артыкула