БЕЛ Ł РУС

На свабодзе Павел Белавус, заснавальнік культавай крамы Symbal.by

16.09.2026 / 12:38

Nashaniva.com

Культурніцкі менеджар не выязджаў з Беларусі пасля пачатку масавых рэпрэсій. Па яго прыйшлі ў канцы 2021 года. Паўлу Белавусу прысудзілі 13 гадоў зняволення. Сёння ён выйшаў на волю.

Павел Белавус. Фота: Белсат

Культурніцкі менеджар трапіў у групу палітвязняў, вызваленых 16 верасня пасля прыезду амерыканскай дэлегацыі ў Мінск.

Белавуса затрымалі 15 лістапада 2021‑га пасля выкліку ў міліцыю. Пасля гэтага актывіст тройчы трапіў на суткі — у суме назбіралася 35 дзён. Далей яго перавялі ў СІЗА, дзе выставілі крымінальнае абвінавачванне.

Паўла асудзілі па чатырох крымінальных артыкулах: арт. 342 (удзел у пратэстах), арт. 361 (заклікі да санкцый), арт. 361‑1 (стварэнне ці ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні) і арт. 356 (здрада дзяржаве). Выніковы прысуд — 13 гадоў зняволення.

Белавус адбываў свой тэрмін у шклоўскай калоніі №17. 

На волі яго чакалі жонка і двое дзяцей.

Фота: скрыншот відэа

Павел Белавус нарадзіўся ў Лідзе ў 1987 годзе. Скончыў геафак у Брэсцкім дзяржуніверсітэце, яшчэ ў юнацтве зацікавіўся журналістыкай і актывізмам.

У пачатку 2010‑х ён супрацоўнічаў як журналіст з «Радыё Свабода». Таксама Белавус — адзін з арганізатараў святкавання 100‑годдзя БНР у 2018-м, заснавальнік і былы дырэктар творчай пляцоўкі «Арт Сядзіба».

У 2014‑м Белавус заснаваў краму нацыянальнай сімволікі Symbal.by, якая набыла асаблівую вядомасць летам 2020-га. Тады ў краме прадаваліся цішоткі і налепкі з надпісам «ПСІХОЗ%» — адсылка да выказванняў Лукашэнкі пра «каранавірусны псіхоз» і ідэі пра рэйтынг Лукашэнкі ў 3%.

Улады пачалі ціснуць на Symbal.by, і краму давялося зачыніць. Дзясяткі беларусаў прыйшлі падтрымаць краму ў апошні дзень працы — тады чаргу жорстка разагналі сілавікі.

Чытайце таксама:

Гісторыя шклоўскай калоніі, за тры кіламетры ад якой некалі жыў Лукашэнка

«Як усе, ходзіць на працу». Што вядома пра палітзняволенага дырэктара крамы Symbal.by Паўла Белавуса

Пра вяртанне, вайну культур, Паўла Белавуса і Алега ЛСП. Дзе цяпер рэпер Vinsent?

Каментары да артыкула