БЕЛ Ł РУС

У перамовах з Коўлам гэтым разам бярэ ўдзел і Турчын. З амерыканскага боку Сміт змяніўся на Паніка

15.09.2026 / 11:52

Сяргей Гезгала

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з дэлегацыяй ЗША на чале з Джонам Коўлам.

Аляксандр Турчын (справа) і Джон Коўл (злева) кіруюцца на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам, 15 верасня 2026. Фота: ТГ-канал урада Беларусі

15 верасня адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі са спецпасланнікам Дональда Трампа Джонам Коўлам.

«Шаноўны Джоне, далёка жывём, таму рэдка бачымся. Але я вітаю вас у Беларусі. Пра тое, што вы прыедзеце да нас, мы нічога не хавалі. Ды і вы асабліва нічога не хавалі, нам пра гэта вядома. Нашы людзі ведалі, што вы прыедзеце. Я павінен вам сказаць: грамадства з вялікай цікавасцю ўспрымае вашы візіты. Ну а суседзі і іншыя лідары дзяржаў уважліва сочаць за нашай сустрэчай», — цытуе Аляксандра Лукашэнку агенцтва БелТА.

У сваю чаргу Джон Коўл перадаў вітанне ад Дональда Трампа. «Ён усяляк падтрымлівае ўсё тое, што мы робім», — сказаў ён.

У перамовах з беларускага боку таксама ўдзельнічаюць прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, старшыня КДБ Іван Церцель і пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў.

Турчын запрошаны на сустрэчу ўпершыню. Гэта знак, што гаворка будзе ісці на эканамічныя тэмы ў тым ліку.

«Як вы бачыце, наша кампанія крыху пашырылася. Я папрасіў прыехаць прэм’ер-міністра, каб ён падрабязна мог дакласці пра вынікі нашых папярэдніх кантактаў на практыцы, як рэалізуюцца папярэднія дамоўленасці», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На фота, апублікаваным у тэлеграм-канале ўрада Беларусі, на заднім плане Іван Церцель гаворыць з Крыстаферам Паніка — амерыканскім дыпламатам, які змяніў на беларускім кірунку Крыстафера Сміта.

Паніка выдатна ведае беларускую тэматыку, бо двойчы працаваў у Мінску. У 2000 годзе яго нават выпадкова затрымалі на вуліцы сталіцы і пратрымалі некалькі гадзін разам з затрыманымі на Дзень Волі дэманстрантамі.

Паніка мае рэпутацыю выдатнага эксперта па Беларусі і рэгіёне. Пра яго бэкграўнд кажа і тое, што раней ён працаваў намеснікам дырэктара Упраўлення разведвальных аперацый і нагляду Бюро разведкі і даследаванняў Дзярждэпартамента.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула