БЕЛ Ł РУС

«Ехаць ужо ніхто не хацеў». Аўтобус пачаў дыміцца, але кіроўца хацеў ехаць далей

15.09.2026 / 14:42

Nashaniva.com

Выпадак адбыўся на рэйсе Мінск — Санкт-Пецярбург.

Дзяўчына расказала пра тое, што 12 верасня а 21:00 аўтобус, які ехаў па маршруце Мінск — Санкт-Пецярбург, задыміўся на трасе паміж Лепелем і Бягомлем. Мяркуючы па відэа, задымленне было каля кола.

— У людзей квіткі на самалёт з вельмі малым запасам часу на перасадку, у мяне перасадка, але, на шчасце, на тэрыторыі краіны, — піша дзяўчына.

Таксама пасажырка расказала, што ўстойлівы пах быў у аўтобусе яшчэ падчас пасадкі.

— Спісала ўсё на тое, што недзе пад мной паліўны бак. У выніку пасля двух прыпынкаў аўтобус задыміўся так, што ад паху дыму было немагчыма знаходзіцца ў салоне. Пасля чарговага прыпынку вадзіцелі былі гатовыя працягнуць паездку, але ехаць ужо ніхто не хацеў. Чаму мы пачалі рух на няспраўным транспартным сродку — вялікае пытанне.

Дзяўчыне было важна даехаць да месца прызначэння, бо там яе чакаў трансфер у ЕС.

— Праз 20 хвілін спробаў удалося злавіць спадарожную машыну з цудоўнай сямейнай парай, якая па збегу абставінаў таксама ехала проста ў Полацк.

Onliner.by звярнуўся ў «Мінсктранс» па каментар:

— Падчас руху па маршруце Мінск — Санкт-Пецярбург адбылася тэхнічная няспраўнасць пнеўматычнай сістэмы аўтобуса. У мэтах бяспекі пасажыраў і дарожнага руху транспартны сродак быў спынены. На месца здарэння аператыўна накіравалі падменны аўтобус, у які перасадзілі пасажыраў. У выніку затрымка ў дарозе склала не больш за 3 гадзіны, а ў канчатковы пункт прызначэння аўтобус прыбыў са спазненнем усяго на 1 гадзіну. Пасля перасадкі пасажыраў няспраўны аўтобус вярнуўся ў парк для правядзення тэхнічнага абслугоўвання і рамонту.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула