Стала вядома, хто можа купіць «Лесту» — былое падраздзяленне Wargaming
Гэта сын мільярдэра і асноўнага акцыянера «Уралхіма» Дзмітрыя Мазепіна — былы гоншчык Мікіта Мазепін.
Мікіта Мазепін. Фота: сацсеткі
Былы пілот «Формулы-1» і бізнэсмен Мікіта Мазепін блізкі да куплі буйной гульнявой кампаніі «Леста Гульні», якая выдае папулярныя гульні «Свет танкаў» і «Свет караблёў». Па даных Forbes, здзелка знаходзіцца на фінальнай стадыі — бакам засталося толькі ўзгадніць выніковую цану, якая, па ацэнках экспертаў, можа скласці каля 356‑416 мільёнаў даляраў, піша Office Life.
Да 2022 года студыя «Леста» была даччыным падраздзяленнем беларускай кампаніі Wargaming. Пасля сыходу апошняй з рынкаў Беларусі і Расіі студыя аддзялілася і перайшла пад кантроль мясцовага менеджменту. У пачатку чэрвеня 2025 года дзейнасць заснавальнікаў групы кампаній «Леста» ў Расіі прызналі экстрэмісцкай, актывы былі нацыяналізаваныя і перайшлі Расмаёмасці.
У кампаніі захаваўся офіс у Беларусі.
Бацька патэнцыйнага пакупніка — мільярдэр, асноўны акцыянер «Уралхіма» і экс-суўласнік «Уралкалія» Дзмітрый Мазепін — родам з Мінска, тут жывуць ягоныя сваякі. Нараўне з гэтым ён мае даўнія дзелавыя сувязі з Беларуссю. Гэтым летам Мазепін-старэйшы наведваў Мінск і сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам.
Для 27‑гадовага Мікіты Мазепіна, які пасля завяршэння спартыўнай кар'еры сфакусаваўся на інвестыцыях у фінтэх і IT, купля «Лесты» стане найбуйнейшым профільным актывам.
Нядаўна намеснік міністра фінансаў Расіі Аляксей Маісееў анансаваў «вельмі дарагі» продаж «Лесты» «зацікаўленаму інвестару».