БЕЛ Ł РУС

Ціханоўская едзе ў Нью-Ёрк. Яна можа перасекчыся з прадстаўнікамі Лукашэнкі, але галоўную інтрыгу пакуль не раскрываюць

17.09.2026 / 10:37

Nashaniva.com

Святлана Ціханоўская разам са сваёй камандай возьме ўдзел у Тыдні высокага ўзроўню Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку. Даведаліся, што там будзе. 

Святлана Ціханоўская

Генеральныя дэбаты 81‑й сесіі ААН пачнуцца 22 верасня і працягнуцца да 28 верасня. У гэтыя дні ў штаб-кватэру арганізацыі з’язджаюцца кіраўнікі дзяржаў, прэм’ер-міністры, міністры замежных спраў і іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі. У камандзе Святланы Ціханоўскай называюць гэтае мерапрыемства «алімпіядай сусветнай дыпламатыі». 

Сама Святлана Ціханоўская не будзе выступаць з трыбуны Генасамблеі: там Беларусь афіцыйна прадстаўляе ўлада Лукашэнкі. Яе каманда робіць стаўку на сустрэчы на палях ААН — як запланаваныя загадзя, так і кароткія размовы, якія ўзнікаюць ужо ў Нью-Ёрку.

«Для дэмакратычнай Беларусі гэта ўнікальная магчымасць быць пачутай на самым высокім узроўні. У Ціханоўскай запланаваны шэраг важных сустрэч. Мы працуем над размовамі з сусветнымі лідарамі, міністрамі замежных спраў і іншымі высокапастаўленымі чыноўнікамі. Будуць таксама сустрэчы з прадстаўнікамі ЗША, у тым ліку з амерыканскімі сенатарамі», — расказаў «Нашай Ніве» дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатыі Дзяніс Кучынскі.

Поўны спіс суразмоўцаў каманда пакуль не называе: частка сустрэч яшчэ ўзгадняецца, а некаторыя могуць адбыцца непасрэдна падчас Тыдня высокага ўзроўню.

Некалькі хвілін у калідоры могуць запусціць палітычны працэс

Асобнае значэнне ў камандзе Ціханоўскай надаюць нефармальным кантактам. У адным будынку і на адных прыёмах аказваюцца людзі, сустрэчу з якімі ў іншых абставінах давялося б рыхтаваць месяцамі.

«У дыпламатыі вельмі часта рэчы вырашаюцца не толькі за афіцыйным сталом, але і падчас кароткай размовы ў калідоры, на прыёме ці паміж мерапрыемствамі. За некалькі хвілін можна данесці пазіцыю Беларусі непасрэдна чалавеку, які прымае рашэнні, дамовіцца пра наступную сустрэчу ці запусціць новы палітычны працэс», — тлумачыць Дзяніс Кучынскі.

Дзяніс Кучынскі. Фота: «Наша Ніва»

У папярэднія гады ў Нью-Ёрку здараліся і кароткія кантакты паміж камандай Ціханоўскай і прадстаўнікамі афіцыйнага Мінска. Паводле Кучынскага, на палях Генасамблеі яны перасякаліся з Уладзімірам Макеем, Сяргеем Алейнікам і Максімам Рыжанковым, якія ў розныя гады ўзначальвалі беларускае Міністэрства замежных спраў.

Падчас такіх размоў прадстаўнікі дэмакратычных сіл, як сцвярджае дарадца, гаварылі пра неабходнасць спыніць рэпрэсіі, вызваліць палітвязняў і пачаць дыялог з беларускім грамадствам.

Ці адбудзецца падобны кантакт сёлета, загадзя невядома. Але імавернасць перасячэння застаецца: дэлегацыі афіцыйнага Мінска і дэмакратычных сіл зноў будуць працаваць у адной дыпламатычнай прасторы.

Асобная сустрэча па Беларусі і «важны сюрпрыз»

Цэнтральнай падзеяй візіту павінна стаць асобнае мерапрыемства, прысвечанае Беларусі. Яго прыме Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза пры ААН. Чакаецца ўдзел міністраў замежных спраў і іншых высокапастаўленых прадстаўнікоў розных краін.

Беларускае пытанне плануюць абмяркоўваць не толькі як унутраны палітычны крызіс і праблему рэпрэсій. Каманда Ціханоўскай хоча гаварыць пра месца Беларусі ў сістэме рэгіянальнай і еўрапейскай бяспекі.

Летась падобная сустрэча сабрала больш за 40 прадстаўнікоў замежнапалітычных ведамстваў і міжнародных арганізацый. А ў 2024 годзе падчас мерапрыемства на палях Генасамблеі Святлана Ціханоўская заклікала шукаць дыпламатычныя шляхі вызвалення палітвязняў. Некалькі краін тады заявілі пра гатоўнасць падтрымаць Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі рэпрэсаваным. 

Сёлетні склад удзельнікаў пакуль трымаюць у сакрэце.

«Пакінем невялікую інтрыгу: чакаем удзелу некаторых новых міністраў і партнёраў, якія раней у такім беларускім фармаце не ўдзельнічалі. Думаю, гэта будзе важны і значны сюрпрыз», — кажа Дзяніс Кучынскі.

Акрамя таго, Святлана Ціханоўская павінна наведаць некалькі міжнародных мерапрыемстваў з удзелам сусветных лідараў.

Навошта Святлане Ціханоўскай зноў ехаць у Нью-Ёрк

Паездка адбываецца ў момант, калі ўвага заходніх краін сканцэнтраваная на войнах, бяспецы і перабудове міжнародных адносін. За месца ў парадку дня даводзіцца канкураваць з дзясяткамі крызісаў, а беларуская тэма праз шэсць гадоў пасля выбараў 2020 года ўжо не мае той навізны, якая была напачатку.

Менавіта таму штогадовы ўдзел у Тыдні высокага ўзроўню мае для каманды Святланы Ціханоўскай практычны сэнс: за некалькі дзён можна сустрэцца з дзясяткамі палітыкаў, да якіх у іншы час давялося б ехаць у розныя краіны.

Святлана Ціханоўская падчас панэльнай дыскусіі на форуме па бяспецы ў амерыканскім Аспене ў ліпені 2026 года. Фота: прэс-служба Ціханоўскай

«Цяпер, калі вырашаецца будучыня бяспекі свету і Еўропы, для нас прынцыпова важна, каб дэмакратычная Беларусь не выпадала з міжнароднага парадку дня. Тыдзень высокага ўзроўню дае рэдкую магчымасць быць там, дзе адбываюцца ключавыя размовы сусветнай дыпламатыі, і непасрэдна даносіць беларускую пазіцыю тым, хто прымае рашэнні», — падкрэслівае Дзяніс Кучынскі.

Каго менавіта Святлана Ціханоўская сустрэне ў Нью-Ёрку і хто стане анансаваным «сюрпрызам», яе каманда абяцае паведаміць ужо падчас візіту.

Чытайце таксама:

Дзяніс Кучынскі заявіў, што новы палітычны сезон можа быць вырашальным

Каментары да артыкула