Пашынян: Калі Арменію хочуць выключыць з АДКБ, хай выключаюць. Не трэба пагражаць гэтым
Таксама прэм'ер-міністр Арменіі зазначыў, што яго краіна ніколі не ўздымала пытанне аб расійскай вайсковай базе.
Vyacheslav Prokofyev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
Калі Арменію хочуць выключыць з АДКБ, хай выключаюць, рэспубліцы не трэба пагражаць гэтым, заявіў журналістам прэм'ер-міністр Нікол Пашынян, паведамляе news.am.
Палітык звярнуў увагу, што ад Арменіі чакаюць паводзін, падобных да тых, якія апісаны ў армянскай казцы «Смерць Кікаса».
«Цікава і тое, што існуюць клішэ адносна меркавання, згодна з якімі Арменія павінна мець вось такое меркаванне — у асноўным па логіцы смерці Кікаса: пайшоў чалавек сватацца, у яго нарадзіўся сын, назвалі Кікасам, надзелі шапку з пампонам, [яго] знялі з галавы, ён упаў на камень — ой, Кікас, ой, сынок. Калі нас хочуць выключыць — хай выключаюць. Калі не хочуць выключаць — хай не выключаюць», — сказаў Пашынян.
Паводле яго, Арменія таксама ніколі не ўздымала пытанне аб расійскай вайсковай базе.
«Зараз Расія падняла гэтае пытанне, і мы займаем пазіцыю з гэтай нагоды», — адзначыў армянскі прэм'ер.
Пры гэтым ён адзначыў, што база не мае жыццёва важнага значэння для бяспекі Арменіі: «Нам не патрэбная гэтая вайсковая база. Расія — дружалюбная нам краіна. Калі яны хочуць яе прыбраць, хай прыбяруць, хай прыбяруць заўтра. Калі яны хочуць застацца, мы гатовыя абмеркаваць умовы захавання базы, якая нам не патрэбная, у Рэспубліцы Арменія». Такую пазіцыю ён патлумачыў «падзеямі верасня 2022 года».