У Беларусі рыхтуюць указ аб Парку высокіх тэхналогій
Пра падрыхтоўку новага ўказа, які будзе рэгуляваць працу Парку высокіх тэхналогій, паведаміла начальніца сакратарыята Назіральнай рады ПВТ Ганна Рабава. Па яе словах, праект дакумента цяпер праходзіць апрабацыю ў дзяржаўных органах.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Lookby.media
Паводле слоў Ганны Рабавай, умовы для працы ў сферы высокіх тэхналогій нельга лічыць нязменнымі, паколькі іншыя краіны таксама пастаянна ўдасканальваюць свае ўмовы і ствараюць больш ільготныя рэжымы, каб завабіць бізнэс і перахапіць рынкі ды аўдыторыю. Таму Беларусь таксама вымушаная адаптаваць свае інстытуцыйныя патрабаванні.
Рабова паведаміла, што цяпер рыхтуецца да прыняцця так званы ўказ «ПВТ 3.0». Пасля заканчэння апрабацыі ў дзяржаўных органах новыя нормы плануюць прадставіць грамадскасці.
17 верасня якраз адбылося пасяджэнне Назіральнай рады Парку высокіх тэхналогій, якое правёў прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын. На пасяджэнні разгледзелі пытанні рэгістрацыі новых рэзідэнтаў ПВТ і зацвярджэння бізнэс-праектаў. Акрамя таго, абмяркоўвалася ўключэнне новага віду дзейнасці з выкарыстаннем адытыўных тэхналогій, а таксама пытанні крыптасферы.
Па словах Ганны Рабавай, на пасяджэнні разглядаюцца заяўкі больш чым 30 кампаній. Толькі невялікая іх частка працуе па заказной мадэлі, а астатнія выкарыстоўваюць прадуктовую або змешаную мадэль.
Чытайце таксама:
У Беларусі ўжо ў найбліжэйшы час з'явяцца крыптабанкі