Прэм'ер Канады прывітаў збліжэнне з Еўрасаюзам, але акрэсліў межы членства
Прэм’ер-міністр Канады Марк Карні станоўча паставіўся да прапановы старшыні Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен зрабіць Канаду першай «асацыяванай дзяржавай» Еўрапейскага саюза. Аднак ён падкрэсліў, што Атава не імкнецца ні да паўнавартаснага членства ў ЕС, ні да абмежавання ўласнага суверэнітэту, піша Euronews.
Марк Карні. Фота: AP Photo/Justin Tan
Урсула фон дэр Ляен прапанавала стварыць такі фармат у штогадовым звароце аб стане Еўрасаюза. Аднак жа пакуль канкрэтныя ўмовы і механізмы «асацыяванага членства» яшчэ толькі павінны быць вызначаныя.
Выступаючы ў Еўрапарламенце, Карні прывітаў гэту ініцыятыву. Ён спаслаўся на апытанні, паводле якіх пераважная большасць канадцаў выступае за значна больш шчыльныя сувязі з Бруселем. Пры гэтым прэм’ер адзначыў, што Канада не можа і не хоча рабіцца паўнавартасным членам ЕС, таму гаворка павінна ісці пра іншы фармат адносін.
Пасля выступу на пытанне аб тым, ці задавальняе яго фармулёўка «асацыяванае членства», Карні адказаў, што пытанне дакладнай тэрміналогіі павінна вырашаць Еўропа. Паводле яго слоў, значна важнейшым будзе змест будучага пагаднення.
Адначасова канадскі прэм’ер падкрэсліў, што пытанне суверэнітэту для Атавы з’яўляецца прынцыповым. Ён заявіў, што Канада шукае партнёрствы, якія дапаўняюць яе магчымасці і ўмацоўваюць суверэнітэт краіны.
Канада ўступіла ў гандлёвы канфлікт са Злучанымі Штатамі Амерыкі пасля таго, як перамовы аб двухбаковым пагадненні не далі выніку. У гэтай сітуацыі Карні імкнецца да больш шчыльнага супрацоўніцтва з ЕС, які разглядае як прыклад для іншых дэмакратычных краін.
У Страсбургу ён назваў некалькі асноўных сфер, у якіх Канада хацела б паглыбіць супрацоўніцтва з Еўрасаюзам. Сярод іх — крытычна важныя карысныя выкапні, абаронна-прамысловыя магчымасці, штучны інтэлект і лічбавыя магутнасці, энергетычная бяспека, космас і аплатныя сістэмы.
Карні таксама заявіў, што Канада не імкнецца ствараць яшчэ адзін геапалітычны блок, які ўдзельнічаў бы ў спаборніцтве вялікіх дзяржаў. Паводле яго слоў, краіна не імкнецца да ўлады дзеля дамінавання над іншымі, а хоча ўмацаваць устойлівасць, каб ніхто не мог кантраляваць яе адкрытыя рынкі, падрываць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць, а таксама пагражаць свабодам, дэмакратыі і вяршэнству права.
Чытайце таксама:
Канада можа стаць першым асацыяваным членам Еўрасаюза
Трамп прыгразіў спыніць гандаль з ЕС у выпадку далучэння да блока Канады
Мерц заявіў пра вырашальныя тыдні і месяцы ў супрацьстаянні з Расіяй