БЕЛ Ł РУС

Украінец прызнаў віну ў вандалізме ў дачыненні да мячэцяў у Лондане

18.09.2026 / 07:02

Nashaniva.com

Яго мог завербаваць расіянін, які стаіць за падпаламі маёмасці Кіра Стармера.

Ілля Білык, фота паліцыі Лондана

21‑гадовы ўкраінец Ілля Білык у чацвер прызнаў у лонданскім судзе віну ў пяці выпадках вандалізму ў дачыненні да мячэцяў і будынкаў мусульманскіх арганізацый у Лондане. Білыка мог завочна, праз Telegram, завербаваць той жа чалавек, звязаны з расійскімі ўладамі, або тая ж арганізацыя, якія замовілі падпалы маёмасці, звязанай з былым прэм’ер-міністрам Кірам Стармерам, піша Бі-бі-сі.

23 студзеня 2025 года Білык нанёс абразлівыя графіці на будынак Ісламскай асацыяцыі ў Стратфардзе, мячэць Аль-Бір і мячэць Джаміа ў Лэйтане на ўсходзе Лондана. Праз два дні ён нанёс графіці на пачатковую школу Нур-уль-Іслам і Ісламскі савет шарыяту.

Бі-бі-сі стала вядома, што Білык сказаў паліцыі, што заданне нанесці графіці ён атрымаў ад рускамоўнага карыстальніка ў Telegram. Білык заявіў, што рускамоўны чалавек указаў яму, дзе трэба нанесці графіці, і заплаціў яму пасля выканання задання.

У чэрвені лонданскі суд адправіў у турму за падпалы дамоў і аўтамабіля, звязаных з тагачасным прэм’ер-міністрам Кірам Стармерам, 22‑гадовага грамадзяніна Украіны Рамана Лаўрыновіча і 27‑гадовага грамадзяніна Румыніі ўкраінскага паходжання Станіслава Карпюка.

Расследаванне, праведзенае Бі-бі-сі і арганізацыяй Hope not Hate, выявіла, што за падпаламі стаяла Расія.

Паводле высноў расследавання, Лаўрыновіча і Карпюка завербаваў за грошы праз Telegram карыстальнік з ініцыяламі EL. Паводле ўдзельнікаў расследавання, гэта мог быць расійскі дыпламат Яўген Люкшын, які дыстанцыйна арганізоўваў маштабную кампанію сабатажу і правакацый праз сацыяльныя сеткі і Telegram.

Паводле высноў расследавання, EL даручыў Лаўрыновічу нанесці ісламафобскія графіці на сцены мячэці; ён жа актыўна ўдзельнічаў у адміністраванні канала фэйкавай ультраправай групоўкі Direct Action UK, створанай і кіраванай супрацоўнікамі расійскіх спецслужбаў для правакавання актаў вандалізму на брытанскіх вуліцах.

У студзені 2025 года, калі Білык нанёс графіці ў вызначаных яму месцах, іх фатаграфіі былі апублікаваныя ў Telegram-канале Direct Action, а EL праз некалькі гадзін пасля гэтага размясціў ва ўкраінскай групе пошуку вакансій у Брытаніі просьбу дасылаць фатаграфіі гэтых месцаў.

Прысуд Білыку будзе вынесены 19 кастрычніка ў магістратскім судзе Стратфарда.

Галоўны суперінтэндант лонданскай паліцыі Рона Хант заявіла: «Мы прызнаём, што гэтыя інцыдэнты прычынілі значныя пакуты мусульманскім супольнасцям ва ўсходнім Лондане летась і працягваюць выклікаць занепакоенасць».

«Злачынствы на глебе нянавісці да мусульман і ісламафобія абсалютна недапушчальныя ў Лондане. Мы поўныя рашучасці змагацца са злачынствамі на глебе нянавісці, адначасова падтрымліваючы і супакойваючы нашы супольнасці», — дадала Рона Хант.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула