«За гэта ў турму трэба садзіць». Лукашэнку абурыла, як цярэбяць лён на роднай Шклоўшчыне
Аляксандр Лукашэнка з інспекцыяй наведвае Шклоўскі раён. Ён наведвае сельгаспрадпрыемства «Гавяды-Агра», піша БелТА.
Менавіта на гэтым полі сёлета апрацоўвалі лён, аднак якасць уборкі гэтай культуры пакідае жадаць лепшага.
«Вы хацелі паказаць, як не трэба працаваць? За гэта трэба ў турму садзіць. Гэта такое церабленне лёну? Агідна. Я ад цябе (старшыні Магілёўскага аблвыканкама — НН) гэтага не чакаў. А вам (кіраўніку Мінсельгасхарча і памочніку ў рэгіёне — НН) я б параіў тэорыяй спыніць займацца, а пачаць займацца канкрэтнымі справамі. Гэта жах, кашмар. Будзем разбірацца. Такога быць не павінна. Лён — вы яго прыбралі тут? Вы яго загубілі тут», — сказаў Лукашэнка.
Звяртаючыся да чыноўнікаў, ён зрабіў выснову: «Гэта кажа пра тое, што вы топчацеся там, дзе часцей бывае прэзідэнт і дзе каля дарогі бліжэй. А ў мядзведжыя вуглы вы не заязджаеце. Калі вы рызыкнулі прэзідэнта пасадзіць на гэтае поле, то астатнія ў вас наогул у жахлівым стане».
Лукашэнку праінфармавалі пра сітуацыю на прадпрыемстве. Нядаўна тут памянялі кіраўніка. Ёсць толькі запыт на некалькі дадатковых адзінак энерганасычаных трактароў і камбайнаў.
Лукашэнка адзначыў, што не праблема — даць каманду на пастаўку тэхнікі, але пытанне ў тым, як гэта гаспадарка пры такой працы за яе разлічыцца. «Купляй. Але што ты купіш за гэты лён? Тут дысцыпліны элементарнай няма. Калі няма тэхналогіі, навошта даваць трактары і камбайны?» — заўважыў ён.