Туск: Расія плануе ракетныя ўдары па тэрыторыі краін НАТА, будзе сцвярджаць, што яны выпадковыя
«Масква будзе спрабаваць прадставіць такія ўдары як «выпадковыя», — кажа прэм'ер Польшчы.
Расія запланавала ўдары ракетамі і беспілотнікамі па саюзных Украіне еўрапейскіх краінах, заявіў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск, выступаючы ў чацвер у Сейме са спецыяльным зваротам да дэпутатаў.
«Паводле ацэнак спецслужбаў, планы Расіі ўключаюць гібрыдныя ўдары з выкарыстаннем беспілотнікаў і ракет па дзяржавах, якія падтрымліваюць Украіну, уключаючы Польшчу», — цытуе Туска Euronews.
«Масква будзе спрабаваць прадставіць такія ўдары як «выпадковыя», каб паралізаваць або, прынамсі, аслабіць матывацыю краін НАТА да абароны сябра альянсу, які падвергнуўся нападу.
«Існуе рэальная рызыка таго, што тэрыторыя адной або некалькіх краін НАТА на ўсходнім флангу можа быць падвергнутая нападам дронаў [у тым ліку рэактыўных] або іншых тыпаў ракет, якія могуць прывесці да разбурэнняў. І афіцыйная версія будзе заключацца ў тым, што гэта выпадковасць і што няма падстаў для якіх-небудзь дзеянняў у адказ з боку НАТА», — заявіў польскі прэм'ер.
Туск дадаў, што «Расія ставіць мэтай максімальна разбурыць эканоміку і лагістыку Украіны» і, паводле звестак выведкі, найбліжэйшым часам варта чакаць бесперапынных нападаў «вельмі высокай частаты і інтэнсіўнасці» на шэсць найбуйнейшых украінскіх гарадоў.