БЕЛ Ł РУС

У Мінску мужчына збіў роварам пенсіянерку і спакойна паехаў на працу

18.09.2026 / 18:22

Nashaniva.com

У Мінску вынеслі прысуд 57‑гадоваму мужчыну з Оршы, які на ровары збіў пенсіянерку на тратуары, а пасля з’ехаў з месца здарэння, пакінуўшы пацярпелую ў небяспечным стане, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Здарэнне адбылося каля 7:45 19 чэрвеня 2025 года на ходніку вуліцы Магілёўскай. Мужчына ехаў на веласіпедзе з хуткасцю больш за 13 км/г. Наперадзе ён убачыў траіх пешаходаў, якія ішлі ў тым жа кірунку, але не знізіў хуткасць і не падаў гукавога сігналу, бо вырашыў праехаць паміж імі.

У гэты момант 70‑гадовая жанчына нечакана зрабіла крок убок, і раварыст збіў яе з ног. Ён дапамог ёй падняцца. Жанчына была ў шокавым стане і паказала мужчыну, што ў яе парваная куртка, а праз тканіну ідзе кроў. Аднак мужчына сказаў, што спяшаецца на працу, запісаў яе нумар тэлефона, паабяцаў кампенсаваць шкоду і з’ехаў.

Хуткую дапамогу жанчына выклікала сама. Медыкі даставілі яе ў бальніцу. Эксперты ўстанавілі, што яна атрымала цялесныя пашкоджанні.

Пасля пацярпелая напісала заяву аб прыцягненні раварыста да адказнасці, і супраць яго завялі крымінальную справу. Мужчына цалкам прызнаў віну, раскаяўся, папрасіў у жанчыны прабачэння і добраахвотна кампенсаваў ёй матэрыяльную і маральную шкоду.

Суд прызнаў яго вінаватым у парушэнні правіл, якія гарантуюць бяспечную працу транспарту, а таксама ў пакіданні чалавека ў небяспецы. Яму прызначылі адзін год абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу і штраф сумай 40 базавых адзінак — 1800 рублёў.

Мужчына раней не меў судзімасцяў, жанаты і працуе электразваршчыкам. Прысуд ужо ўступіў у законнае дзеянне.

Чытайце таксама:

У Гродне цалкам адмовіліся ад пракатных самакатаў і ровараў. Нібыта па просьбе жыхароў

У Варшаве п'яная беларуска ехала з чатырохгадовым дзіцём на электрасамакаце і трапіла ў бальніцу

У Італіі беларус на ровары сутыкнуўся з фургонам

Каментары да артыкула