Беларус выйграў у покерным турніры 761 тысячу даляраў
І гэта не самы вялікі прыз за покерную кар'еру 38‑гадовага Аляксея Бойкі.
Фота: tightpoker.com
Беларус Аляксей Бойка выйграў у покерным турніры 761 тысячу даляраў. Турнір Triton Poker Series Jeju II праходзіў у казіно на востраве Чэджу ў Паўднёвай Карэі. Бойка абыграў 131 суперніка.
Прызавы фонд склаў амаль $3,3 мільёна — грошы атрымалі 23 найлепшыя гульцы.
«Гэты турнір патрабаваў шмат удачы», — сказаў беларус. «Часам гэта лепш, чым майстэрства».
Аляксею Бойку 38 гадоў. Ён шмат гадоў грае на турнірах і заваёўвае трафеі. Цяперашні выйгрыш — не самы вялікі ў яго кар'еры.
Так, у сакавіку 2025 года Бойка заняў шостае месца ў турніры NLHE Triton Poker Super High Roller і выйграў 1,288 мільёна даляраў. Праз два месяцы Бойка двойчы папаў у прызы на этапе Triton у Чарнагорыі, агульная сума выплат склала 638 000 даляраў.
Агульныя прызавыя ў турнірах за розныя гады перавысілі 7 мільёнаў даляраў.