БЕЛ Ł РУС

Мінчук зняў ролік пра чаргу ў паліклініцы, дзе было больш за 150 чалавек. За гэта на яго напісалі заяву ў міліцыю

20.09.2026 / 19:36

Дзяніс Рудніцкі

Цяпер сілавікі настойліва намякаюць, што аўтару лепш выдаліць ролік з тыктока.

Сяргей Какоўка. Скрыншот відэа ў тыктоку

Некалькі тыдняў таму Сяргей Какоўка, які падпісаны ў тыктоку як «Разбуральнік», прыйшоў у мінскую паліклініку №24. Месца гэтае вядома ўсім, хто мае пасведчанне кіроўцы — менавіта там неабходна праходзіць медыцынскі агляд.

Мужчына быў у шоку ад таго, як усё там адбываецца. Кажа, у чарзе было больш за 150 чалавек. Ён чакаў тры гадзіны, каб атрымаць накіраванне на той медагляд. А потым прабегся па ўсіх неабходных дактарах за 10 хвілін. Кажа, што, улічваючы колькасць людзей, медыкі проста ставяць пячаткі.

Скрыншоты відэа. Якасць палепшана з дапамогай ШІ

Відэа з паліклінікі мужчына выклаў у тыктоку — і не вельмі падбіраў словы, калі прасіў чыноўнікаў звярнуць увагу на праблему. Агулам два яго роліка па гэтай тэме набралі каля мільёна праглядаў. 

Цяпер жа гісторыя атрымала працяг. Днямі Сяргею патэлефанавалі з міліцыі. Высветлілася, што на мужчыну напісалі заяву за тыя відэа.

Сяргей здзівіўся і спытаў, на што паскардзіўся незнаёмец.

«Ён кажа: «Наконт таго, што некаторыя асобы, якія трапілі ў кадр, супраць таго, каб іх бачыла грамадства». Мужчына ж лічыць такую прэтэнзію трызненнем, бо не здымаў нікога спецыяльна — ён проста хацеў паказаць памер чаргі.

Міліцыянт, па словах блогера, сказаў, што сам добра разумее, што адбываецца ў паліклініцы №24. Але ж падкрэсліў, што Сяргей мусіць прыехаць на размову ў міліцыю. 

«Я да чаго гэта ўсё? Як толькі ты адкрываеш рот на праўду, цябе адразу пачынаюць шчаміць». Мужчына расказаў, што сілавік папярэдзіў, відэа лепш выдаліць. Але ж ён прынцыпова не хоча гэтага рабіць. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула