У беларускі два гады былі жудасныя прыступы болю ў жываце. Прычына аказалася даволі рэдкая
Юлія Семчанка, фітнэс-трэнерка, аўтарка этнавандровак на Падляшша і жонка былога палітвязня Дзмітрыя Семчанкі, які цяпер працуе вядучым на «Белсаце», распавяла, што трапіла ў польскую бальніцу. Але спадзяецца, што нарэшце вырашыла праблему, якая перашкаджала ёй жыць.
Юлія Семчанка. Тут і далей фота з яе фэйсбука
Гісторыяй сваіх бедстваў Юлія падзялілася ў сацсетках. Яна распавяла, што апошнія два гады перыядычна пакутавала ад жудасных прыступаў болю ў жываце.
Праз гэта два разы жанчына трапляла ў бальніцу ў Беларусі і два разы ў Польшчы. Яшчэ некалькі прыступаў перанесла самастойна.
«Гэта было пекла, дзе ў цябе тэмпература і ваніты, але самае страшнае — боль, які можа доўжыцца суткі. І ты ўсё паміраеш, паміраеш, ды ніяк не памрэш. А потым хоп — і ўсё праходзіць. І так 3‑4 месяцы ў цябе нічога не баліць. Жыццё цудоўнае, але ты разумееш: гэта зноў аднойчы паўторыцца. Бо яно паўтараецца. Само па сабе. Без трыгераў і прычын».
Канечне, Юлія спрабавала высветліць, што з ёй адбываецца: рабіла МРТ, КТ, УГД, ФГДС, энтэраграфію, генетычныя аналізы… Нават да псіхіятра звярталася, бо думала, што звар'яцела.
Яшчэ ў Беларусі адна з доктарак у прыватным медцэнтры выказала здагадку, што гэта можа быць рэцыдуючы апендыцыт.
Але Юліі гэта падалося неймаверным: «Я тады нават да галавы не ўзяла, бо мы ўсе звыклі думаць, што ён можа здарыцца толькі адзін раз — і там два варыянты развіцця падзей. Халера, апендыцыт! І так бывае: ён можа запаляцца і праходзіць, але да пэўнага часу. Мне проста пашанцавала, што калі мне станавілася лягчэй, то гэта не праз тое, што ён лопнуў».
Беларуска параўнала свае шпіталізацыі на радзіме і ў эміграцыі. Кажа, у Беларусі хуткая да яе прыязджала без праблем і забірала ў бальніцу так жа лёгка. У Варшаве хуткая прыехала двойчы, адзін раз адмовілася, таму прыйшлося самастойна ехаць у бальніцу хуткай дапамогі — там выпісалі нейкія лекі ад сіндром раздражнёнага кішэчніка і адправілі дамоў.
Апошні раз хуткая прыехала, і медык спытаў, чаму Юлія самастойна не паехала ў бальніцу хуткай дапамогі. У той раз Юлія ацаніла свой боль на 9 балаў з 10, але пачула: «Пані не выглядае нават на 7». Беларуска кажа, што ўжо нават сілаў крычаць ад пакут не было.
У выніку яе ўсё ж адвезлі ў шпіталь, і там персанал быў сапраўды клапатлівы.
«Ні на хвіліначку я не пачула сябе пакінутай, да мяне часта падыходзілі і пыталіся, ці ўсё добра. Бяруць кроў — кажуць дзякуй (мне!), робяць агляд — зноў дзякуй (мне!)».
Юлія адзначае, што ёй было вельмі камфортна ў шпіталі. Ніводнага разу яна не пачула павышанага тону, ні сварак, ні бачыла кіслых твараў. Прызнаецца, што доўга думала пра беларускую медыцыну і дактароў, пра ўмовы, у якіх яны працуюць. Кажа, вельмі б хацелася, каб і на радзіме так было, калі ўсе работнікі маюць годную зарплату і добрыя ўмовы.
«У Беларусі ў бальніцы мне трапляліся добрыя дактары, вельмі далікатныя гінекалагіні. Я ім удзячная, што нягледзячы на ўсё, яны захоўвалі чалавечнасць і эмпатыю. А вось астатні медперсанал дужа розны, я бачыла, як медсёстры крычалі на старых за іх стогны. Як адна проста разрывалася праз тое, што яе папрасілі фортку зачыніць у палаце».
Юлія прызнаецца, што калі ў яе спыталі, ці пагодзіцца яна на аперацыю і выдаленне апендыцыту, то пасміхнулася — бо вельмі хацела, каб пакуты скончыліся.
Пасля наркозу яе будзілі фразай: «Пані Юлья, як па-беларуску будзе «дзень добры»?». Адзначае, што было вельмі міла: «Мне давялося ў гэтым стане размаўляць па-польску, каб не заснуць, з доктарам Янжэкам, і я нават атрымала камплімент, што ў мяне добрая артыкуляцыя».
Цяпер Юлія чакае вынікі гісталогіі, але спадзяецца, што гісторыя двухгадовых пакут нарэшце скончылася.