1,30 рубля за кілаграм бульбы: што прадаюць у Мінску на восеньскіх кірмашах
Асноўныя пляцоўкі — каля Палаца спорту і «Чыжоўка-Арэны» — адкрытыя з 8:00 да 16:00.
У праграме не толькі бульба: акрамя гародніны, у асартыменце ёсць мяса, рыба, ягады, мёд, чай і, вядома ж, грыбы ў разгар сезону. Для тых, хто яшчэ плануе выезды на лецішча — саджанцы, піша Onliner.by.
Бульба ёсць па 1,30 рубля за кілаграм. Некаторыя прадаўцы прапануюць дастаўку.
Морква — 1 рубель 10 капеек за кг. Гарбузоў, якія можна выкарыстоўваць як упрыгожванне або выразаць з іх страшныя тварыкі, прадаюць па 2 рублі за кілаграм. Капуста — 1,20 рубля за кг.
Яблыкі ўсіх гатункаў, колераў і памераў. Кошт — прыкладна 2,5 рубля за кг. Слівы — 6 рублёў за кг.
Перац — ад 2,5 рубля. Памідоры — 2—3 рублі, але калі камусьці хочацца новых гастранамічных адчуванняў і больш цікавага гатунку, то кошт можа даходзіць да 6 рублёў. Агуркі — у сярэднім па 4 рублі.
Журавіны каля Палаца спорту прапануюць па 8,50 рубля. Буякі — 20 рублёў.
Ёсць грыбы — салёныя і свежыя. Баравікі прапануюць па цане 88 рублёў за кілаграм.
Мяса і рыба ёсць свежыя, але хапае і каўбасных вырабаў. Фарш — 11,43 рубля за кг, свініна для адбіўных — 20,57 рубля.