БЕЛ Ł РУС

Лёс Мерца вырашаюць выбары на ўсходзе Германіі

20.09.2026 / 11:26

Nashaniva.com

На ўсходзе Германіі завяршаецца серыя важных зямельных выбараў. 

Фрыдрых Мерц. AP Photo Markus Schreiber

У Берліне і Мекленбургу-Пярэдняй Памераніі (поўнач былой ГДР) выбарчыя ўчасткі адкрыліся а 8:00 і зачыняцца а 18:00. Ад іх вынікаў залежыць, сярод іншага, ці сыдзе Фрыдрых Мерц у адстаўку, піша DW.

Галоўная для яго лічба — пяць працэнтаў. Калі яго кансерватыўная партыя, Хрысціянска-дэмакратычны саюз (ХДС), не пераадолее прахадны бар'ер на выбарах у Зямельны парламент (ландтаг) у Мекленбургу-Пярэдняй Памераніі на паўночным усходзе ФРГ, шанцаў застацца ва ўладзе ў Берліне ў канцлера будзе мала, лічаць аглядальнікі. У нямецкай сталіцы ў гэты дзень таксама пройдуць важныя выбары — палаты дэпутатаў. 

Напярэдадні галасавання ХДС балансавала на мяжы: розныя апытанні паказалі падтрымку партыі на ўзроўні шасці-сямі працэнтаў.

Галоўнае суперніцтва ў гэтай зямлі са сталіцай у Шверыне ідзе паміж кіроўнымі сацыял-дэмакратамі і апазіцыйнай ультраправай «Альтэрнатывай для Германіі» (АдГ).

Апытанні паказваюць мінімальную перавагу АдГ з паказчыкам каля 37 працэнтаў. СДПГ адстае на адзін — два працэнтныя пункты, але на фінішнай прамой разрыў знік.

Аглядальнікі звязваюць гэта з асабістай папулярнасцю кіруючага прэм'ер-міністра ад СДПГ, 52‑гадовай Мануэлы Швезіг. Яе галоўны супернік — 56‑гадовы Ляйф-Эрык Хольм, дэпутат бундэстага ад АдГ, былы электраманцёр і былы радыёвядучы.

Шанцаў узначаліць урад у Хольма няма. Нават калі АдГ атрымае першае месца, партыя не зможа сфармаваць кааліцыю, бо іншыя на гэта не пойдуць. У адрозненне ад Саксоніі-Анхальт, у Шверыне зямельнае ведамства па абароне Канстытуцыі не прызнала АдГ праваэкстрэмісцкай. Яе праграма выглядае менш радыкальна.

Падчас выбарчай кампаніі Хольм прапаноўваў пасля заканчэння вайны Расіі супраць Украіны, якую ён асудзіў у яе пачатку, вярнуцца да закупак расійскага трубаправоднага газу па ацалелай пасля дыверсіі адной з чатырох нітак газаправодаў «Паўночная плынь». Менавіта ў Мекленбургу-Пярэдняй Памераніі газаправод па дне Балтыйскага мора выходзіць на сушу. А цяперашняя прэм'ер, сацыял-дэмакрат Швезіг раней выступала адным з прыхільнікаў СП-2, але пасля 2022 года змяніла пазіцыю.

У Берліне, які мае статус асобнай федэральнай зямлі, у партыі Мерца пазіцыі нашмат лепш, чым на поўначы, але ў Берліне ХДС можа страціць важную пасаду кіруючага бургамістра.

За некалькі месяцаў да выбараў ХДС змяніла першы нумар у выбарчым спісе — бургамістр Кай Вегнер адмовіўся ад перавыбрання на фоне скандалу. Высветлілася, што падчас выкліканага дыверсіяй блэкаўта ў пачатку года палітык змаўчаў пра тое, што ў першы дзень крызісу гуляў у тэніс.

Апытанні паказваюць, што ў Берліне тры партыі ідуць сінхронна з паказчыкам каля 20 працэнтаў кожная — ХДС, Левая партыя і АдГ. Выбары ў Берліне цікавыя яшчэ і тым, што ўпершыню пасаду бургамістра можа заняць прадстаўніца Левай партыі — 45‑гадовая Эліф Эральп, немка з турэцкімі каранямі, што нарадзілася ў Мюнхене.

Гэтыя выбары завяршаюць міні-серыю галасаванняў на ўсходзе ФРГ, за якімі без перабольшання сочыць увесь свет.

Пасля правальных выбараў у ландтаг Саксоніі-Анхальт 6 верасня, дзе ХДС страціла палову галасоў, а пераможцам стала АдГ з рэкорднымі для Германіі амаль 44% і рэальным шанцам упершыню прыйсці да ўлады, ціск на канцлера расце. У СМІ адкрыта абмяркоўваюць яго магчымую замену на больш папулярнага палітыка без правядзення датэрміновых выбараў. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула