У маскоўскіх аэрапортах затрымалі і адмянілі больш за 400 рэйсаў праз найбуйнейшую атаку беспілотнікаў
У тым ліку ў Мінск.
Прэс-служба «Унукава»
Больш за 400 рэйсаў затрымалі і адмянілі ў аэрапортах маскоўскага авіяцыйнага вузла на фоне найбуйнейшай, паводле заявы ўладаў, атакі дронаў на рэгіён, піша Moscow Times.
Да 12:00 нядзелі ў аэрапорце «Шарамеццева» было адменена больш за тры дзясяткі рэйсаў, больш за 120 — затрымліваліся на прылёт і столькі ж — на вылет. Частку рэйсаў перанакіроўвалі ў Ніжні Ноўгарад, Казань, Чабаксары і Санкт-Пецярбург.
Паводле даных «Яндэкс Расклады» на раніцу 20 верасня, адмены закранулі рэйсы ў Сочы, Геленджык, Мінеральныя Воды, Пецярбург, Перм, Мінск і іншыя гарады. Сярод затрыманых — вылеты ў Анталью, Шарм-эш-Шэйх, Каір, Стамбул, Сочы, Калінінград, Ерэван і Алматы.
Ва «Унукава» адмянілі 11 рэйсаў — як расійскіх, так і міжнародных, у тым ліку пералёты ў Мінск і Пецярбург. 69 рэйсаў затрымлівалі на прылёт, а 60 — на вылет. Гэта закранула вылеты ў Анталью, Стамбул, Самарканд, Батумі і Ерэван.
У «Дамадзедава» быў адменены адзін рэйс, 27 затрымліваліся. У Жукоўскім з пачатку сутак адмянілі два рэйсы, на прылёт затрымліваліся чатыры самалёты, на вылет — тры. Аэрапорт аднавіў працу а дзявятай раніцы.
У прэс-службе «Шарамеццева» паведамілі, што рэйсы «выконваюцца па скарэктаваным раскладзе», а змены з'яўляюцца «вымушанымі» ў сувязі з закрыццём аэрапортаў у іншых рэгіёнах. Аналагічную інфармацыю прывялі ў Дамадзедаве.
Ва «Унукава» ў 12:50 паведамілі пра «паступовае аднаўленне штатнага рэжыму працы».