Мінчук перадаў тэлефонным аферыстам зберажэнні, узяў два крэдыты і зрабіў дзве кур'ерскія паездкі
Пачалося ўсё традыцыйна. 63‑гадоваму жыхару сталіцы патэлефанавалі нібыта з «Энергазбыту» і папрасілі назваць код з СМС, паведамляе «Міліцыя Мінска».
Спачатку мужчына падумаў, што яго падманваюць. Але другі званок ад імя Камітэта дзяржаўнага кантролю пераканаў мужчыну ў тым, што сродкі абавязкова трэба задэклараваць.
Далей мінчуку патлумачылі, што ашуканцы аформілі на яго імя крэдыты. І каб ануляваць іх, трэба ўзяць «люстраныя» пазыкі і вярнуць грошы ў банк праз пазаштатных кур'ераў. Усе атрыманыя наяўныя мужчына пакінуў у месцах, указаных куратарам.
Затым ён здзейсніў дзве кур'ерскія паездкі — забраў грошы ў падманутай мінчанкі і па такім жа заданні пабываў у Віцебску. Атрыманыя сродкі мужчына таксама схаваў у тайніках для наступных кур'ераў.