БЕЛ Ł РУС

Андрэй Пачобут адкрыў у Любліне Камень памяці Яна Карскага

21.09.2026 / 13:05

Nashaniva.com

Мемарыял зроблены за ўласныя сродкі журналіста.

Беларуская рэдакцыя Польскага радыё

Беларускі журналіст Андрэй Пачобут стаў ганаровым сябрам Таварыства Яна Карскага ў Любліне і адкрыў Камень памяці Яна Карскага, усталяваны за яго ўласныя сродкі, паведамляе Беларуская служба Польскага радыё.

Ён знаходзіцца каля Дуба памяці, пасаджанага ў 2014 годзе да 100‑годдзя з дня нараджэння Яна Карскага. Падчас цырымоніі Андрэй адзначыў важнасць постаці Яна Карскага — чалавека, які імкнуўся данесці да вольнага свету праўду пра нацысцкія злачынствы і генацыд на акупаваных тэрыторыях.

«Часам ты кажаш праўду, а табе не вераць. Усё гэта, вядома, вельмі важна для мяне», — адзначыў журналіст.

Ян Карскі (пры нараджэнні Казялеўскі, 1914-2000) у 1939 годзе браў удзел у абароне Польшчы ад немцаў, трапіў у палон, збег з нямецкага цягніка для ваеннапалонных. Здзейсніў таемную паездку ў Францыю з рапартамі для ўрада Польшчы ў выгнанні, які тады быў у Францыі, узяў псеўданім Карскі, які ён пазней стаў выкарыстоўваць як афіцыйнае прозвішча. Зноў трапіў палон і зноў збег, працаваў у Бюро прапаганды і інфармацыі Галоўнага штаба партызанскай Арміі Краёвай. Таемна наведаў Варшаўскае гета, пераапрануўшыся нямецкім салдатам.

Падрыхтаваў даклад даклад аб злачынствах немцаў у Польшчы і генацыдзе габрэяў. Даклад быў перададзены ўрадам ЗША і Вялікабрытаніі. У 1943 годзе Ян Карскі сустрэўся з прэзідэнтам ЗША Франклінам Рузвельтам, якому расказаў пра генацыд габрэяў. Ён прапанаваў саюзным дзяржавам паставіць ультыматум Германіі, што калі не спыняцца забойствы габрэяў — будуць бамбардзіраваныя нямецкія гарады.

Пасля вайны жыў у ЗША, быў прызнаны Ізраілем Праведнікам свету.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула