БЕЛ Ł РУС

Праз месяц выйдзе новы раман Югасі Каляды

21.09.2026 / 14:16

Nashaniva.com

Выдавецтва «Пфляўмбаўм» анансавала выхад новага рамана Югасі Каляды «Вандроўка ліфтам», у якім дзеянне адбываецца адначасова ў Мінску дзевяностых, нулявых, у дваццатым годзе — і ў тым дзіўным месцы, дзе ўжо няма ніякага часу, піша bellit.info.

«А што, калі месцы, якія мы пакінулі, не знікаюць, а завісаюць дзесьці ў малочным тумане мінулага? Што, калі ўсё яшчэ можна ўвайсці ў свой дзіцячы пакой у бацькоўскай кватэры? Высунуць шуфлядку з універсітэцкімі канспектамі? Паглядзець гісторыю званкоў у мабільніку дваццацігадовай даўніны? Пасядзець на верандзе дома, які згінуў у пажары? А раптам можна нават даслаць ліст з таго свету на гэты — і атрымаць адказ?» — інтрыгуе анатацыя.

Аўтарка «Перамены месцаў» і «Галоўнай памылкі Афанасія» Югася Каляда зноў працуе з падменай жанраў.

«Вандроўка ліфтам» пачынаецца як спекулятыўная фантастыка пра будову таго свету — з ліфтамі, таймлайнамі жыцця, белым туманам і бюракратыяй, — але паступова ператвараецца ў псіхалагічны раман пра віну, згубленае каханне, страчанае сяброўства, ідыёцкія памылкі маладосці, балючыя стасункі бацькоў і дзяцей. І раптам выводзіць туды, дзе асабістае жыццё аднаго чалавека злучаецца з пераломнымі падзеямі ў лёсе ўсёй Беларусі.

Папярэдні заказ дзейнічае да 8 кастрычніка, замовіць кнігу можна праз сайт кнігарні «Кнігаўка». Продаж пачнецца 15 кастрычніка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула