БЕЛ Ł РУС

Па справе Гаюна судзілі начальніка ўстаноўкі Мазырскага НПЗ

22.09.2026 / 19:59

Nashaniva.com

Гомельскім праваабаронцам стала вядома пра крымінальны пераслед супрацоўніка Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода Яўгена Вяргея. Некалькі месяцаў ён знаходзіўся ў СІЗА № 3 у Гомелі. Яго абвінавацілі паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса — у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».

Яўгену Вяргею ўручаюць ганаровую грамату Мазырскага райвыканкама

Яўгена Вяргея, які працаваў начальнікам устаноўкі каталітычнай вытворчасці бензінаў, затрымалі яшчэ ў лістападзе або снежні 2025 года. Спачатку мужчыну ўтрымлівалі ў ізалятары часовага ўтрымання Мазырскага РАУС, а затым перавялі ў СІЗА № 3 у Гомелі. У следчым ізалятары ён правёў больш за сем месяцаў.

Па інфармацыі праваабаронцаў, абвінавачванне было звязана з тым, што Вяргей шукаў, атрымліваў і распаўсюджваў інфармацыю праз маніторынгавы тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн». 

Паводле апошняй інфармацыі, Яўген Вяргей ужо выйшаў з месца зняволення і падаў апеляцыю. Верагодна, суд адбыўся і яму прызначылі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі. Дакладныя падрабязнасці справы пакуль невядомыя.

Да затрымання Вяргей лічыўся адным з найбольш дасведчаных супрацоўнікаў Мазырскага НПЗ. Пра яго неаднаразова пісалі галіновая газета канцэрна «Белнафтахім», заводская газета і мясцовае праўладнае выданне.

У 2022 годзе падчас святкавання Дня горада ў Мазыры, якое тады сумясцілі з «Днём народнага адзінства», Вяргея ўзнагародзіла Ганаровай граматай Мазырскага райвыканкама тагачасная кіраўніца раённай адміністрацыі Алена Паўлечка. Узнагароду яму ўручылі за добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і значны ўнёсак у сацыяльна-эканамічнае развіццё Мазырскага раёна.

Чытайце таксама:

Майстра аўтацэнтра «Рэно» з Мінска пасадзілі за дапамогу рэпрэсаваным, а пасля завялі яшчэ адну справу

«Вясна»: Вядома пра 234 пацверджаных асуджаных па справе Гаюна

38‑гадовую Алену з Кобрына асудзілі за палітыку

24‑гадовага медыка з Асіповіч асудзілі за палітыку

Каментары да артыкула