БЕЛ Ł РУС

Варшава аслабляе дыпламатычны ігнор Мінска. Упершыню пасля 2020‑га сустрэліся міністры замежных спраў Беларусі і Польшчы 

23.09.2026 / 08:12

Сяргей Гезгала

абноўлена, дапоўнена

Кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў Беларусі і Польшчы 22 верасня правялі сустрэчу на палях Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку. Пра гэта БелТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.

Міністры замежных спраў Беларусі і Польшчы Максім Рыжанкоў (злева) і Радаслаў Сікорскі. Фота распаўсюджанае МЗС Беларусі

«Сустрэча з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім была прысвечаная ацэнцы стану беларуска-польскіх адносін і шляхоў іх далейшага развіцця ў інтарэсах народаў дзвюх краін. Бакі таксама абмеркавалі сітуацыю ў рэгіёне», — расказалі ў прэс-службе МЗС Беларусі.

Адной з умоваў нармалізацыі адносін з Мінскам Варшава называла вызваленне палітвязня Андрэя Пачобута. Гэта здарылася ў красавіку 2026-га, пасля пяці гадоў зняволення. Нягледзячы на яго выдварэнне з Беларусі пры вызваленні, ён змог заехаць у Беларусь у верасні. Яго пры гэтым не арыштавалі. Варта адзначыць, што Пачобут устрымліваўся ад палітычных заяў і прамых кантактаў з беларускай апазіцыяй і незалежнымі СМІ.

— ААН — гэта нейтральная тэрыторыя, — цытуе Радаслава Сікорскага польскі партал Onet.pl.

У сувязі з гэтым, сказаў ён, тут можна сустракацца і з прадстаўнікамі тых краін, з якімі не абавязкова наладжаныя адносіны ў іншых кантэкстах.

На пытанне пра ход сустрэчы і тое, якія тэмы абмяркоўваліся, Сікорскі сказаў, што сярод іх была сітуацыя на мяжы, а таксама сітуацыя з рэгіянальнай бяспекай.

На пытанне, ці прасіў ён, каб Беларусь не дазваляла Расіі пралятаць беспілотнікам і ракетам праз сваю тэрыторыю, ён адказаў: «У тым ліку».

— Гэта першая, азнаямленчая сустрэча, але адбываюцца таксама сустрэчы іншых ведамстваў, на іншых узроўнях. Неўзабаве мы адкрываем новы будынак пасольства ў Мінску. Калі сусед хоча размарозіць і палепшыць адносіны, то Польшча заўсёды першай гатовая да згоды, — сказаў кіраўнік МЗС Польшчы.

На ўдакладняльнае пытанне, ці азначае гэта, што польскі ўрад прызнае рэжым Лукашэнкі, Сікорскі адказаў: «Як дзяржава, мы прызнаём іншыя дзяржавы, а не ўрады».

На пытанне, ці азначае гэта нармалізацыю адносін з Беларуссю, ён сказаў, што «гэта як пралеска, якая можа расцвісці, калі надвор’е будзе спрыяльным».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула