Першае судна з беларускім каліем прыбудзе ў ЗША ў кастрычніку
Гэта будзе партыя на 30 тысяч тон.
У кастрычніку ў порт Новага Арлеана павінна прыбыць першая за чатыры гады партыя беларускіх калійных угнаенняў. Гаворка ідзе пра 30 тысяч тон хларыду калію, або MOP — найбольш распаўсюджанага віду калійных угнаенняў, піша Reform.news са спасылкай на галіновае агенцтва Argus Media.
Пастаўка стане першым фізічным пацвярджэннем аднаўлення камерцыйнага гандлю беларускім каліем з ЗША пасля адмены амерыканскіх абмежаванняў. Аляксандр Лукашэнка 11 верасня заявіў, што Беларусь ужо пачала прадаваць калійныя ўгнаенні амерыканскім кліентам.
«Хочаце ў нас калійныя ўгнаенні (калі хочаце закупляць) — калі ласка. Мы не можам адразу. Вось у нас вызвалілася. Мы ж закантрактавалі іх на гэты год, на наступны год разгледзім. Зараз з'явілася магчымасць судны загрузіць (заўтра дакладна скончым загрузку) — забірайце. Але пазычку вярніце. 43‑-44 млн даляраў нашых у «Сіцібанку» затрымаліся — кампанія, якая з намі супрацоўнічала, заплаціла грошы. У багатай Амерыцы. Вы нам, калі ласка, вярніце гэтыя грошы», — расказаў ён, выступаючы перад журналістамі на Абуз-Лясноўскім палігоне.
Да ўвядзення санкцый кампанія Gavilon была адным з асноўных амерыканскіх атрымальнікаў прадукцыі «Беларуськалія» ў Луізіяне. У 2022 годзе Gavilon Fertilizer змяніла назву на MacroSource.
ЗША ўвялі санкцыі супраць «Беларуськалія» ў жніўні 2021 года.
Пазней пад абмежаванні трапілі таксама Беларуская калійная кампанія і іншыя звязаныя з галіной структуры. Пасля заканчэння пераходнага перыяду амерыканскім кампаніям было забаронена праводзіць з імі аперацыі.
У снежні 2025 года Вашынгтон абвясціў пра намер зняць абмежаванні з беларускага калійнага сектара пасля вызвалення 123 зняволеных.
У сакавіку 2026 года ўпраўленне кантролю за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША — OFAC — выключыла з санкцыйнага спісу «Беларуськалій», Беларускую калійную кампанію і шэраг іншых прадпрыемстваў. Адначасова былі аслабленыя абмежаванні ў дачыненні да некалькіх беларускіх фінансавых арганізацый.
Амерыканскія ўлады пры гэтым асобна тлумачылі, што адмена санкцый не азначае аўтаматычнага разблакавання маёмасці і грошай, замарожаных падчас дзеяння абмежаванняў. Для іх вяртання могуць спатрэбіцца асобныя рашэнні OFAC.
21 верасня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў, што Вашынгтон працуе над «маштабнай здзелкай» закупкі калію ў Беларусі. Паводле яго слоў, беларуская прадукцыя павінна каштаваць «істотна танней», чым угнаенні, якія ЗША купляюць у Канады.
Канада забяспечвае пераважную частку амерыканскага імпарту калію. Усяго за год ЗША імпартуюць каля 5,5 — 8,7 мільёна тонаў калійных угнаенняў (у залежнасці ад формы пераліку). Таму партыя аб'ёмам 30 тысяч тон будзе мець перш за ўсё сімвалічнае значэнне: яна пацвярджае вяртанне беларускага вытворцы на амерыканскі рынак, але сама па сабе не здольная істотна змяніць баланс паставак.
3 лістапада ў ЗША адбудуцца частковыя выбары ў Кангрэс.