БЕЛ Ł РУС

Былых палітвязняў пачалі выкрэсліваць са спісу «тэрарыстаў»

23.09.2026 / 14:21

Nashaniva.com

Гэта не адліга, проста вось так працуе кадэбісцкі бюракратычны механізм.

За апошнія тыдні са спісу «тэрарыстаў», які вядзе КДБ, прыбралі 12 чалавек. Усё гэта былыя палітвязні. З іх нарэшце будуць знятыя фінансавыя абмежаванні — людзі змогуць адкрываць банкаўскія рахункі, купляць і прадаваць нерухомасць, афармляць на сябе сім-карткі.

Сярод іх Дзяніс Сырэц, Віталь Жылінскі, Яўген Чуміла, Максім Ражкоў, Сяргей Кірыенка, Аляксандр Галуза, Мікалай Галалюк, Сяргей Савіч, Дзмітрый Удалееў, Кірыл Кузняцоў, Дзмітрый Богуш і Юрый Ташкінаў.

Не варта шукаць у гэтым нейкіх палітычных паслабленняў, насамрэч КДБ проста выконвае сваю ж працэдуру — паводле пастановы, калі ў чалавека пагашаецца судзімасць па «тэрарыстычных» артыкулах, то і са спісу яго трэба выкрэсліваць.

Зараз прыйшла чарга некаторых з палітвязняў, вызваленых па памілаванні ў жніўні і верасні 2024 года. У тых з іх, каго судзілі па няцяжкіх палітычных артыкулах, судзімасць трымалася два гады.

Цяпер яны могуць хаця б абслугоўвацца ў банках.

Нагадаем, у спіс «тэрарыстаў» уключаюцца людзі, якіх арыштавалі па некаторых з крымінальных артыкулаў. У прыватнасці, гэта арт. 130 (Распальванне варожасці), арт. 293 (Масавыя беспарадкі), арт. 361 (Заклікі да шкоды нацыянальным інтарэсам Беларусі), а таксама некаторыя іншыя. Прычым для ўключэння ў спіс не трэба нават быць асуджаным — дастаткова выстаўленага абвінавачвання.

На гэты момант у беларускай частцы спісу «тэрарыстаў» 738 чалавек (у замежнай — 736 чалавек, там афганцы, іракцы, паўночнакарэйцы і іншыя прадстаўнікі тэрарыстычных арганізацый).

Па якіх артыкулах судзілі 738 беларускіх «тэрарыстаў»? (У некаторых з іх абвінавачванне адразу па некалькіх «тэрарыстычных артыкулах»).

502 чалавекі абвінавачваліся ў «распальванні варожасці» — фактычна ў напісанні крытычных каментароў.

У 260 чалавек у абвінавачванні фігураваў артыкул 361 — заклікі да дзеянняў на шкоду нацбяспецы. Гэта таксама пераважна каментатары.

95 чалавек судзілі за «акт тэрарызму» (арт. 289), 77 чалавек палічылі ўдзельнікамі «масавых беспарадкаў» (арт. 293).

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула