БЕЛ Ł РУС

Намеснікам украінскага галоўнакамандуючага УСУ Драпатага прызначылі 32‑гадовага айцішніка

24.09.2026 / 14:42

Вінцэсь Клепачэня

Палкоўнік Арцём Мартыненка — галоўны архітэктар баявой сістэмы Delta.

Палкоўнік Арцём Мартыненка. Фота: artem.martynenko / Facebook

Аб прызначэнні Мартыненкі намеснікам галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі Украіны Міхаіла Драпатага 23 верасня паведаміў Генеральны штаб УСУ. Адпаведны загад быў падпісаны яшчэ 1 верасня. На гэтай пасадзе ён змяніў брыгаднага генерала Андрэя Лебядзенку, якога звольнілі пасля аўдыту. Цэнтральнае ўпраўленне інавацыйнай дзейнасці УСУ, якое ён курыраваў, расфармавалі.

Мартыненка будзе адказваць за лічбавую трансфармацыю і інавацыі ва Узброеных сілах Украіны.

Прыйшоў у вайсковы ІТ яшчэ студэнтам

Дакладная дата і месца нараджэння Арцёма Геворкавіча Мартыненкі ў адкрытых крыніцах не называюцца. У верасні 2024 года Forbes Ukraine уключыў яго ў спіс «30 да 30». На той момант Мартыненку было 30 гадоў. Цяпер яму 32 гады.

Паводле LinkedIn Мартыненкі, у 2012 годзе ён паступіў у Вайсковы інстытут тэлекамунікацый і інфарматызацыі ў Кіеве (ВІТІ). У 2016‑м атрымаў ступень бакалаўра па інфарматыцы, а ў 2017‑м — магістра.

Працаваць над вайсковым праграмным забеспячэннем ён пачаў яшчэ падчас вучобы. У лютым 2016 года Мартыненка стаў малодшым распрацоўшчыкам у вайсковай частцы А2724, дзе стваралася DELTA.

У 2017 годзе Мартыненка, тады сяржант і курсант выпускнога курса, увайшоў у каманду з шасці ўкраінскіх вайсковых ІТ-спецыялістаў, якая перамагла на міжнародным спаборніцтве НАТА, апярэдзіўшы 13 іншых каманд.

З лютага 2022 года Мартыненка паралельна працаваў архітэктарам у Цэнтры інавацый і развіцця абаронных тэхналогій Мінабароны. У тым жа годзе ён быў капітанам і ўзначальваў аддзел распрацоўкі цэнтра.

У 2024‑м Мартыненка меў званне маёра, а ў 2025‑м — падпалкоўніка і быў намеснікам начальніка цэнтра. Пасля звальнення кіраўніка ён часова ўзначаліў установу. Цяпер Мартыненка — палкоўнік.

У 2024 годзе намеснік міністра лічбавай трансфармацыі Украіны Аляксей Выскуб назваў яго адным з «непублічных герояў», дзякуючы якім Украіна эфектыўна супрацьстаіць Расіі.

Што такое ўкраінская сістэма DELTA

DELTA пачыналася як лічбавая карта поля бою, а з часам ператварылася ў комплексную сістэму для кіравання баявымі дзеяннямі. Яна збірае інфармацыю з беспілотнікаў, спадарожнікаў і іншых крыніц і дазваляе вайскоўцам бачыць актуальную сітуацыю на полі бою, абменьвацца данымі і планаваць аперацыі.

Мартыненка параўноўваў DELTA з Google Workspace для войска: замест адной праграмы гэта набор звязаных паміж сабой інструментаў. У 2024 годзе сістэму афіцыйна ўвялі ў эксплуатацыю ва ўсіх падраздзяленнях Сіл абароны Украіны. Яе таксама выпрабоўвалі падчас вучэнняў НАТА на сумяшчальнасць з сістэмамі краін альянсу.

Паводле даных, якія ў 2024‑м годзе прыводзіла выданне Forbes Ukraine, штомесяц у DELTA фіксавалі каля 600 тысяч аб'ектаў праціўніка і планавалі 106 тысяч місій беспілотнікаў.

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расія спрабавала атакаваць DELTA і яе інфраструктуру. Пасля знішчэння дата-цэнтраў сістэму перанеслі ў воблака.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула