БЕЛ Ł РУС

Беларусы летась атрымалі з-за мяжы больш за мільярд даляраў. Гэта рэкорд

24.09.2026 / 17:46

Nashaniva.com

Паводле звестак Нацыянальнага банка, у 2025 годзе рэзідэнты Беларусі атрымалі з-за мяжы 1,052 мільярда даляраў у выглядзе працоўных даходаў і асабістых пераводаў. Гэта найвышэйшы паказчык за ўсю гісторыю краіны, піша Thinktanks.pro.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com

Эканамісткі Алена Маслянкова і Крысціна Маціеўская ў артыкуле для часопіса «Банковский вестник» прааналізавалі дынаміку гэтых паступленняў за сучасны перыяд. Яны адзначылі ўстойлівы доўгатэрміновы рост аб'ёмаў грошай, якія беларусы атрымліваюць з-за мяжы, пачынаючы з 2008 года.

За 2005—2025 гады паступленні ад аплаты працы з-за мяжы павялічыліся ў 11,8 раза. Асабліва прыкметны рост адбыўся ў 2020—2025 гадах: за гэты час аб'ём павялічыўся з 311 мільёнаў да 1,052 мільярда долараў. Прырост за гэтыя пяць гадоў у абсалютным выражэнні аказаўся большым, чым сумарнае павелічэнне за папярэднія 15 гадоў.

Даследчыцы лічаць, што такая дынаміка ўскосна сведчыць пра ўзмацненне працоўнай міграцыі і рост значэння замежных грашовых паступленняў для беларускай эканомікі.

Доля чыстых працоўных даходаў, атрыманых з-за мяжы, у адносінах да ВУП вырасла з 0,3% у 2005 годзе да 1,12% у 2025-м. Такім чынам, гэтыя даходы ўжо дасягнулі аб'ёму, які можна колькасна ўлічваць пры ацэнцы макраэканамічных працэсаў у сектары хатніх гаспадарак.

Адначасова раслі і працоўныя даходы, якія замежныя работнікі выводзілі з Беларусі, аднак іх аб'ём заставаўся значна меншым за паступленні ў краіну. Сальда чыстай аплаты працы павялічылася з 89 мільёнаў даляраў у 2005 годзе да 805 мільёнаў даляраў у 2025-м.

За апошнія два дзесяцігоддзі змянілася і структура грашовых патокаў. Да 2015 года асноўную частку складалі асабістыя трансферты — у тым ліку пераводы людзей, якія доўгатэрмінова працавалі за мяжой, і нерэзідэнтаў. З 2016 года асноўным відам паступленняў стала чыстая аплата працы сезонных і часовых работнікаў — рэзідэнтаў Беларусі.

Пры гэтым аб'ём грошай, якія беларусы адпраўляюць з краіны за мяжу, павялічваецца значна павольней. Іх доля ў агульным аб'ёме атрыманых сродкаў скарацілася прыкладна з 30—35% у сярэдзіне 2000‑х гадоў да 15—20% у 2020-я.

Аўтары даследавання адзначаюць, што змены ў структуры асабістых пераводаў ускосна могуць сведчыць пра рост кароткатэрміновай працоўнай міграцыі і павелічэнне долі беларусаў, якія афіцыйна працаўладкоўваюцца за мяжой.

Чытайце таксама:

Нацбанк падлічыў, колькі грошай беларусы адправілі за мяжу і колькі атрымалі

«Белпошта» ўводзіць плату за міжнародныя пераводы

Банкі будуць перадаваць падаткавым органам звесткі пра пераводы фізічных асоб за мяжу

Каментары да артыкула