Дзмітрый Плакс атрымаў прэстыжную шведскую прэмію
Паэт, празаік, перакладчык, мастак і кіраўнік Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў Дзмітрый Плакс атрымаў прэстыжную шведскую прэмію Bennypriset, паведамляе bellit.info.
Дзмітрый Плакс, фота Алін Ларэтсан
«На працягу трох дзесяцігоддзяў у якасці драматурга, аўтара і рэжысёра ён (Дзмітрый Плакс) пашырае гарызонты шведскага тэатральнага мастацтва — спачатку ў Radioteatern, а цяпер як прызнаны мастацкі кіраўнік Dramaten.Doc. Ён заўсёды трымае руку на пульсе сучаснасці і адчувае ўнікальную здольнасць тэатра адлюстроўваць балючыя праблемы чалавецтва, бескампрамісна адкрываючы прастору для важных галасоў і непасрэднага жыццёвага досведу. Калі шведскаму тэатру пагражае замкнёнасць, ён прыходзіць, каб расчыніць дзверы і ўпусціць струмень свежага паветра», — з такой фармулёўкай было прысуджана лаўрэацтва Дзмітрыю Плаксу, які з канца 90‑х гадоў жыве і працуе ў Швецыі.
Bennypriset — гэта штогадовая шведская культурная прэмія сумай 100 000 шведскіх крон (8800 еўра), заснаваная ў 2020 годзе ў памяць пра вядомага тэатральнага дзеяча і кіраўніка Бені Фрэдрыксана). Яна ўручаецца творцам, якія працуюць у ягоным духу — вызначаюцца моцнай прыхільнасцю да мастацтва і прагай зрабіць яго даступным для шырокай публікі.