Пенсіянерка з Клецка дзесяць дзён перапісвалася з Іланам Маскам
Яна спрабавала амаль задарма атрымаць «Тэслу».
Наталля Собаль
Але сарвала здзелку пільная супрацоўніца банка, паведамляе «Міліцыя Міншчыны».
Ашуканцы стварылі акаўнт «Elon mvsk» і пісалі жанчыне ад імя Ілана Маска. Яны пераканалі жанчыну, што яна выйграла «Тэслу» і буйную суму грошай. Калі пенсіянерка паверыла, у яе запатрабавалі 500 рублёў за дастаўку прыза.
Жанчына прыйшла ў аддзяленне банка ў Клецку, каб зрабіць перавод. Але галоўная спецыялістка аддзела рознічных продажаў Цэнтра банкаўскіх паслуг банка ў Клецку Наталля Собаль заўважыла, што паджылая кліентка нервуецца і блытаецца ў тлумачэннях. Яна неадкладна звязалася з міліцыяй.
Сілавікі прыбылі на месца і прадухілілі злачынства.
Праз нейкі час у Клецкім РАУС адбылося ўзнагароджанне Наталлі Собаль.