У Польшчы можа з'явіцца пастаянная амерыканская вайсковая база на 10 тысяч вайскоўцаў
ЗША і Польшча абмяркоўваюць стварэнне першай пастаяннай амерыканскай вайсковай базы на польскай тэрыторыі. На ёй могуць размясціцца да 10 тысяч амерыканскіх вайскоўцаў. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, піша Politico.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Klaudia Radecka/NurPhoto via Getty Images
Па словах Сікорскага, Варшава хоча такой амерыканскай вайсковай прысутнасці, якая давала б Польшчы адчуванне бяспекі, але пры гэтым не стварала пагрозы для Расіі. Сікорскі адзначыў, што адной брыгады недастаткова для наступальнай аперацыі супраць Расіі. Звычайна брыгада налічвае каля 4—5 тысяч вайскоўцаў, таму пры размяшчэнні 10 тысяч чалавек гаворка магла б ісці як мінімум пра дзве брыгады.
Цяпер у Польшчы на ратацыйнай аснове знаходзяцца каля 7 тысяч амерыканскіх вайскоўцаў. Сікорскі заявіў, што Варшава разлічвае на выкананне прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам абяцанняў адносна павелічэння амерыканскай прысутнасці.
Ідэю стварыць у Польшчы пастаянную амерыканскую базу яшчэ ў 2018 годзе прапаноўваў тагачасны прэзідэнт Анджэй Дуда. Цяперашні прэзідэнт Кароль Наўроцкі заявіў, што новую базу можна было б назваць «фортам Трампа». Паводле яго слоў, рашэнне аб яе размяшчэнні — толькі пытанне часу, а будаўніцтва ён хацеў бы завяршыць да заканчэння прэзідэнцкага тэрміну Трампа ў студзені 2029 года.
Трамп раней заявіў, што ў перамовах аб стварэнні базы ў Польшчы дасягнуты значны прагрэс. Наўроцкі таксама прапаноўваў перамясціць у Польшчу частку амерыканскіх вайскоўцаў з Германіі пасля паведамленняў пра магчымы вывад адтуль каля 5 тысяч амерыканскіх салдат.
Пентагон цяпер праводзіць перагляд амерыканскай вайсковай прысутнасці ў Еўропе. Міністр абароны Піт Хегсет павінен атрымаць выніковую справаздачу па гэтым пытанні да пачатку лістапада.
Паралельна ЗША размяшчаюць свае падраздзяленні ў Літве і Эстоніі. Гэта адбываецца на фоне папярэджанняў заходніх спецслужбаў аб узмацненні ваеннай актыўнасці Расіі і магчымасці яе далейшай эскалацыі ў дачыненні да краін НАТА.
Чытайце таксама:
Трамп думае над вывадам з Еўропы 25 тысяч амерыканскіх салдат
Трамп заявіў пра стварэнне амерыканскай вайсковай базы ў Польшчы
Кушнер Пуціну: Вы нам і год назад казалі, што за пару месяцаў зоймеце Данбас
Трамп не паведамляў Літве пра намер заключыць з Лукашэнкам пагадненне па ўгнаеннях