БЕЛ Ł РУС

На Манблане ўвядуць жорсткія правілы для турыстаў з-за смецця

26.09.2026 / 14:33

Nashaniva.com

Што праўда, пакуль на французскім участку маршруту.

Фота: Alfredo Martinez/Getty Images

Знакаміты горны масіў Манблан пакутуе ад росту колькасці турыстаў: уздоўж 169‑кіламетровага маршруту праз Францыю, Італію і Швейцарыю ўсё часцей застаюцца пакеты са смеццем і туалетная папера, турысты спраўляюць патрэбу на прыродзе, разбіваюць лагеры на прыватнай тэрыторыі і кормяць дзікіх жывёл, паведамляе Bild.

З наступнага лета французскія ўлады хочуць абавязаць турыстаў загадзя браніраваць афіцыйнае жыллё. Начоўкі па-за спецыяльна абсталяванымі месцамі будуць забароненыя. Пры гэтым афіцыйныя стаянкі абяцаюць забяспечыць вадой і туалетнай паперай, каб турыстам не даводзілася спраўляць патрэбу ў лесе.

Змены закрануць і багаж. Турыстам дазволяць карыстацца звычайнымі трэкінгавымі заплечнікамі, а перавозку валізак паміж стаянкамі на таксі абмяжуюць вызначанымі гадзінамі.

Мэр папулярнай сярод турыстаў камуны Сен-Жэрве Жан-Марк Пеекс падкрэслівае: закрываць доступ да Манблана не збіраюцца — мэта ў тым, каб абмежаваць наступствы масавага турызму.

Новыя правілы ўжо падтрымалі сем французскіх муніцыпалітэтаў. Аднак частка мэраў выступае супраць, паколькі турысты прыносяць рэгіёну значныя даходы. На італьянскім і швейцарскім баках Манблана пакуль не плануюць уводзіць аналагічныя абмежаванні.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула