Ва Узбекістане адабралі 204 чалавекі для працы ў Беларусі
Жыхары Андыжанскай вобласці прайшлі папярэднюю праверку дакументаў і прафесійных навыкаў. Цяпер ім трэба будзе прайсці анлайн-сумоўе з беларускімі працадаўцамі, якія шукаюць жывёлаводаў, трактарыстаў, кіроўцаў і падсобных рабочых.
Пра адбор узбекаў для працы ў Беларусі 26 верасня паведаміла Агенцтва па міграцыі Узбекістана. Пытанне абмяркоўвалася падчас сустрэчы кіраўніка агенцтва Мухсінходжы Абдурахмонава з паслом Беларусі ва Узбекістане Аляксандрам Агароднікавым.
Працадаўцы Віцебскай вобласці заявілі, што ім патрэбныя каля 800 работнікаў. Пакуль са спісу кандыдатаў з Андыжанскай вобласці папярэдне адабралі 204 чалавекі. Пазней шукаць работнікаў плануюць і ў іншых рэгіёнах Узбекістана.
Бакі таксама прапанавалі разгледзець магчымасць, каб выдаткі на дарогу да месца працы аплачвалі наймальнікі.