БЕЛ Ł РУС

Чатыры гады таму закрылі Чырвоны касцёл

28.09.2026 / 12:46

Nashaniva.com

Яго не адкрыюць своечасова. Адкрыццё перанеслі на некалькі месяцаў.

З моманту высялення парафіі святога Сымона і святой Алены з Чырвонага касцёла ў Мінску 26 верасня прайшло чатыры гады. Да чарговай гадавіны закрыцця храма вернікі даведаліся, што рэканструкцыя касцёла не завершыцца ў студзені 2027 года, як гэта планавалася, паведамляе katolik.life.

Уласнік храма, дзяржпрадпрыемства «Мінская спадчына», таксама абяцаў, што асноўныя работы завершаць да канца 2026 года, а ў студзені будынак увядуць у эксплуатацыю.

Але цяпер вернікі заўважылі, што на пашпарце аб'екта змянілі дату. Тэрмінам заканчэння будаўніцтва ўжо значыцца не 31 студзеня, а 30 красавіка.

Цяперашні пробашч парафіі не ўзгадаў у парафіяльных аб'явах пра гадавіну закрыцця храма. Але гэта зрабіў экс-пробашч ксёндз Уладзіслаў Завальнюк і ў сваім відэа распавёў пра важныя дэталі.

Святар пацвердзіў, што пажару, які стаў падставай для высялення вернікаў з храма, папярэднічала разбітае акно. Гэта і шэраг іншых дэталяў могуць абвяргаць афіцыйную версію аб узгаранні праводкі — агонь мог быць наўмысна занесены звонку.

Дарэчы, вынікі расследавання аб узнікненні пажару і разбітым акне так і не былі прадстаўлены грамадскасці.

«Вернікаў выціснулі з храма», — сказаў экс-пробашч.

Таксама ён распавёў, што былы прадстаўнік Ватыкана ў Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч перадаваў з нунцыятуры для парафіі міні-электрастанцыю. Яе выкарыстоўвалі, калі ксёндз Уладзіслаў Завальнюк і парафіяне вялі малітоўнае дзяжурства ў плябаніі, доме святара побач з касцёлам. Ён быў адключаны ад электрычнасці, ацяплення і вады.

Але затым карыстацца міні-электрастанцыяй забаранілі. Як і «буржуйкай» пасля. Так вернікі перажылі дзве зімы, а ў выніку «з паслухмянасці шаноўнаму Мітрапаліту арцыбіскупу Юзафу [Станеўскаму]» пробашч і парафіяне «адступілі ад касцёла і плябаніі».

Цяпер святар заклікаў не губляць надзею і працягваць маліцца аб хутчэйшым завяршэнні рэканструкцыі і вяртанні вернікаў у храм.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула