БЕЛ Ł РУС

Беларускія турмы ці турмы для беларусаў?

29.09.2026 / 09:24

Паводле: Уладзімір Хільмановіч, тыднёвік «Ніва»

«Беларуская дыктатура» і «дыктатура ў Беларусі», «беларускія турмы» і «турмы Беларусі» — азначэнні, якія маюць падобнае гучанне, але істотна адрознае сэнсавае значанне, піша Уладзімір Хільмановіч у тыднёвіку беларусаў Польшчы «Ніва». 

Прысяга супрацоўнікаў Следчага камітэта. Ілюстрацыйнае фота: LookByMedia

У беларускіх незалежных медыях чытаем і чуем наступныя азначэнні: «беларускі рэжым», «беларуская дыктатура», «беларускія сілавікі», «беларускія турмы», «беларускі кіраўнік». Калі хоць крыху ўдумацца, то ўсе гэтыя азначэнні скрозь фальшывыя і няслушныя. Таму што ўсё згаданае, усе пералічаныя катэгорыі маюць сёння менавіта і выразна антыбеларускі характар і скіраваны менавіта супраць усяго нацыянальнага беларускага.

Тое, што аснову гэтай таталітарнай дыктатуры складаюць мясцовыя прадстаўнікі — таксама праўда, але ж гэта толькі частка праўды.

Характэрны і яскравы тут прыклад з сітуацыяй вакол Анджэя Пачобута. Пры апісанні яго зняволення і вызвалення скрозь мы чулі і чыталі прыблізна такое: «Адзін з лідараў польскай меншасці быў вызвалены з беларускай турмы». Такім чынам у галовах усіх складаецца і фармуецца выразны наратыў: «У Беларусі беларусы хапаюць, арыштоўваюць, катуюць і пераследуюць у розны спосаб палякаў». Гэта праўда, але гэта не ўся праўда, бо ў Беларусі не ў меншай, а яшчэ ў большай ступені хапаюць, арыштоўваюць і пераследуюць саміх беларусаў, найперш носьбітаў беларускай мовы і культуры, ліквідавалі ўсе беларускамоўныя асяродкі, знішчылі беларускамоўнае школьніцтва. Але другую і істотную частку праўды ніхто ўжо не хоча ведаць. І таму, няхай беларусы потым не здзіўляюцца, што іх паводле апошніх сацыялагічных апытанняў называюць у Польшчы ў ліку сама варожых нацый.

Другім фактарам такога сумнага становішча ёсць таксама тое, што пераважная частка беларускай эміграцыі надалей у побыце карыстаецца расейскай мовай, якая атаясамляецца з мовай усходняга агрэсара.

«Беларуская дыктатура» і «дыктатура ў Беларусі», «беларускія турмы» і «турмы Беларусі» — азначэнні, якія маюць падобнае гучанне, але істотна адрознае сэнсавае значанне. 

Прадстаўнікі беларускіх палітычных колаў часам рытарычна запытваюцца — чаму ж заходняя дэмакратычная супольнасць нават не ставіць пытанне пра прызнанне Рэспублікі Беларусь часова акупаванай тэрыторыяй іншай дзяржавай. Але каму будзе балець галава за беларусаў і нашу краіну, калі мы самы прызнаем гэтую акупацыю як нейкі «свой рэжым».

У іншых дзяржавах не могуць зразумець, чым адрозніваецца дыктатура ў Беларусі ад падобных рэжымаў іншых дзяржаў. Калі возьмем дыктатуры былых народаў Савецкага Саюза, то нідзе нічога не было падобнага. У Туркменістане ці ў Азербайджане ніхто не нішчыць школьніцтва, мову, культуру тытульнай нацыі. А зусім наадварот. І таму дыктатура ў Туркменістане выразна антыдэмакратычная, але яна не антытуркменская. Жорсткі аўтарытарны рэжым у Азербайджане антыдэмакратычны, але ён ніяк не антыазербайджанскі. А вось улада ў Беларусі выразна антыдэмакратычная і яшчэ больш выразна менавіта антыбеларуская. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула