БЕЛ Ł РУС

Расія атакавала Інстытут ядзерных даследаванняў у Кіеве

1.10.2026 / 16:52

Nashaniva.com

Увечары 30 верасня расійскі беспілотнік атакаваў Інстытут ядзерных даследаванняў у Кіеве. Пра гэта паведаміла Дзяржаўная інспекцыя ядзернага рэгулявання Украіны.

Фота: Wikimedia Commons

У выніку ўдару на тэрыторыі інстытута ўзнік пажар, які аператыўна патушылі. Ніхто не пацярпеў. Даследчы ядзерны рэактар ВВР-М і асноўныя сістэмы, якія гарантуюць яго бяспеку, пашкоджанняў не атрымалі. Зменаў радыяцыйнага фону таксама не зафіксавалі. Цяпер спецыялісты расследуюць абставіны атакі і ацэньваюць нанесеную шкоду.

З пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання даследчы рэактар у Кіеве знаходзіцца ў спыненым стане з цалкам выгружанай актыўнай зонай. Яго эксплуатацыя абмежаваная рэгламентным абслугоўваннем сістэм, важных для бяспекі. Рэактар выкарыстоўваецца як крыніца нейтронаў для фундаментальных і прыкладных даследаванняў у галіне ядзернай фізікі.

Дзяржаўная інспекцыя назвала ўдар па інстытуце парушэннем міжнародна прызнаных прынцыпаў і нормаў ядзернай і радыяцыйнай бяспекі.

Гэта не першая атака на навуковую ўстанову ў Кіеве за апошнія дні. 28 верасня расійскі беспілотнік трапіў у будынак Нацыянальнай акадэміі навук Украіны. У выніку ўзнік моцны пажар, а людзі аказауліся заблакаванымі ўнутры і былі вымушаныя выбірацца праз вокны. Загінулі два чалавекі, у тым ліку асістэнтка віцэ-прэзідэнта НАН Украіны Наталля Букала. Сам віцэ-прэзідэнт, былы кіраўнік Ражы нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Уладзімір Гарбулін, атрымаў нязначныя траўмы. Па словах прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, усяго пацярпелі шэсць чалавек, у тым ліку трое дзяцей.

Удар па будынку Нацыянальнай акадэміі навук пракаментаваў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. Ён заявіў, што атака стала сведчаннем стаўлення расійскага кіраўніцтва да ўкраінскай навукі і адзначыў, што Францыя і Еўропа будуць працягваць падтрымліваць Украіну.

Чытайце таксама:

Украінца пакаралі ўмоўным тэрмінам за перадачу Беларусі праграмы для вайсковага авіяцыйнага трэнажора

Расійскі беспілотнік ударыў у Кіеве па будынку Нацыянальнай акадэміі навук

Расіяне другі раз за дзень атакавалі цэнтр Кіева, трапілі ў медцэнтр

Каментары да артыкула