БЕЛ Ł РУС

Нягледзячы на «цяжкае выгаранне» экс-канцлер Германіі Шродэр зоймецца стратэгічным суправаджэннем бізнэсу гіпермаркетаў у Расіі

2.10.2026 / 08:22

Nashaniva.com

Агульны сход удзельнікаў ТАА «Гіперглобус» прызначыў Герхарда Шродэра членам назіральнай рады кампаніі.

Герхард Шродэр і Уладзімір Пуцін, фота 2018 года Getty Images

82‑гадовы экс-канцлер Германіі Герхард Шродэр будзе займацца «суправаджэннем стратэгічнага развіцця» бізнэсу сеткі гіпермаркетаў Globus у Расіі, расказалі РБК у кампаніі. Раней у Расіі ўвялі часовае кіраванне сеткамі Auchan, Metro і «Лемана».

Агульны сход удзельнікаў ТАА «Гіперглобус» прызначыў Герхарда Шродэра членам назіральнай рады кампаніі. Былы федэральны канцлер Германіі будзе суправаджаць стратэгічнае развіццё сеткі ў Расіі, паведаміў РБК прадстаўнік рытэйлера.

Шродэр будзе ўдзельнічаць у агульным кіраўніцтве і спрыяць доўгатэрміноваму планаванню дзейнасці кампаніі на расійскім рынку, удакладніў ён.

Уладальнік ТАА «Гіперглобус» і акцыянер глабальнай Globus Holding GmbH&Co Томас Брух растлумачыў, што прызначэнне Шродэра абумоўлена неабходнасцю ўзмацнення экспертнай падтрымкі.

Паводле яго слоў, шматгадовы досвед экс-канцлера ў палітычным і эканамічным жыцці Расіі дазволіць кампаніі прытрымлівацца «арыентаванага на дыялог падыходу» і знаходзіць канструктыўныя рашэнні ў цяперашніх умовах.

Сам Герхард Шродэр адзначыў важнасць падтрымання эканамічных сувязяў і інвестыцый у Расіі, вылучыўшы сектар забеспячэння прадуктамі харчавання як фундаментальную сферу супрацоўніцтва.

«Менавіта ў крызісныя часы гэтыя сувязі асабліва важныя: яны дазваляюць слухаць адзін аднаго і знаходзіць шляхі ў будучыню», — заявіў Шродэр.

Раней прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін называў Шродэра пераважным перамоўшчыкам з боку Еўропы для выбудоўвання дыялогу з Расіяй.

Ён патлумачыў, што прапанаваў кандыдатуру былога канцлера, у тым ліку зыходзячы з высокага даверу да яго.

Экс-канцлер ФРГ Герхард Шродэр — перш за ўсё нямецкі палітык, «прычым адзін з лепшых», і ў яго ёсць мужнасць адстойваць сваю пазіцыю, казаў Уладзімір Пуцін на сустрэчы з кіраўнікамі міжнародных інфармацыйных агенцтваў у рамках ПМЭФ-2026.

Пуцін нагадаў, што менавіта Шродэр займаўся будаўніцтвам інфраструктурных аб’ектаў, такіх як «Паўночны паток», для таго, каб «забяспечыць эканоміку Германіі надзейнымі, таннымі пастаўкамі з Расіі».

У 2025 годзе Герхард Шродэр не ўзяў удзелу ў слуханнях парламенцкай камісіі, якая расследуе дзейнасць фонду, звязанага з газаправодам «Паўночны паток — 2», бо быў шпіталізаваны ў клініку з дыягназам «цяжкі сіндром эмацыйнага выгарання».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула