БЕЛ Ł РУС

Бойфрэнд з каталога — у Кітаі набірае папулярнасць новая паслуга

4.10.2026 / 18:58

Ідаля Салавей

Кліенткам прапануюць каталог мужчын, дзе можна падабраць сабе партнёра на пару гадзін па знешнасці, росту і іншых параметрах.

У студыі фатографы падказваюць мадэлям рамантычныя позы. Мужчыны-мадэлі часам пазіруюць без майкі, каб узмацніць эфект. Фота: кітайская сацыяльная платформа Xiaohongshu (RedNote) / scmp.com

Як піша South China Morning Post, у кітайскіх сацсетках набірае папулярнасць незвычайная паслуга: жанчыны наймаюць мужчын-мадэляў, каб сфатаграфавацца з імі як з сапраўднымі партнёрамі. Гэта не проста сумесны здымак — на час фотасесіі разыгрываецца маленькая гісторыя рамантычных адносін.

Кліентка можа трымаць мужчыну за руку, абдымацца з ім, імітаваць пацалунак ці дакранацца да яго прэса. Фатограф пры гэтым кіруе працэсам і падказвае, як стварыць у кадры ўражанне блізкасці паміж парай.

Каштуе такое задавальненне нямала. Гадзінная фотасесія можа абысціся ў 8000 юаняў, што прыкладна адпавядае 1100 далярам. Можна замовіць сесію на 30 хвілін і запрасіць трэцяга ўдзельніка.

З'явіліся ўжо і спецыялізаваныя студыі. Так студыя Mujiao ў Нанкіне называе сябе першай у Кітаі, якая пачала прапаноўваць парныя фотасесіі з мужчынамі-мадэлямі. Самы танны пакет там каштуе каля 1000 даляраў і ўключае дзевяць апрацаваных фатаграфій. Самы дарагі — каля 3900 даляраў. За гэтыя грошы кліентка атрымлівае цэлы дзень у вобразе пары з некалькімі камплектамі адзення і 120 фатаграфіямі.

Кліенткам прапануюць каталог мужчын, дзе можна падабраць сабе партнёра па знешнасці, росту і іншых параметрах. Кошт залежыць не толькі ад выгляду мадэлі, але і ад яго папулярнасці ў сацсетках і ўмення паводзіць сябе перад камерай.

Некаторыя кліенткі прыходзяць са сваімі сцэнарамі. Яны могуць папрасіць разыграць пэўную сцэну з рамана ці комікса альбо цэлую гісторыю. Напрыклад, сварку пары і наступнае прымірэнне. Студыі прапануюць і гатовыя вобразы: ад нявіннай студэнцкай закаханасці да больш пачуццёвых фотасесій.

Матывы ў жанчын розныя. Адным патрэбныя прыгожыя фатаграфіі для сацсетак, другія хочуць ненадоўга адчуць сябе ў рамантычных адносінах. Некаторыя жанчыны звяртаюцца па такую паслугу, бо маюць мала досведу сапраўдных рамантычных адносін і хочуць перажыць хаця б іх імітацыю. Іншыя прыходзяць пасля разрыву.

Ёсць і тыя, хто выкарыстоўвае атрыманыя фатаграфіі, каб паказаць сям'і нібыта бойфрэнда і пазбегнуць ціску з патрабаваннямі хутчэй выйсці замуж. Пры гэтым сярод кліентак ёсць не толькі адзінокія жанчыны. Паводле прадстаўнікоў гэтага бізнэсу, паслугай карыстаюцца і жанчыны, якія ўжо маюць партнёраў або замужам.

Рынак платных кампаньёнаў

Фотасесіі з «бойфрэндам» — толькі адна з праяў значна шырэйшай з'явы, якая ў Кітаі атрымала назву «рынак платных кампаньёнаў». Чалавек плаціць ужо не столькі за рэч ці канкрэтную паслугу, колькі за прысутнасць іншага чалавека, увагу і тое, што ў Кітаі часта называюць «эмацыйнай каштоўнасцю».

Так, за грошы можна знайсці чалавека, які сходзіць з табой у рэстаран, пабегае або паедзе на экскурсію. Такія паслугі часта прапануюць студэнты і маладыя людзі, якія шукаюць дадатковы заробак.

Асабліва папулярнымі сталі «кампаньёны для паходаў». За некалькі сотняў юаняў малады чалавек можа пайсці разам з кліенткай у горы, несці рэчы, падаваць ваду, фатаграфаваць і падтрымліваць, калі тая стамілася.

Яшчэ далей гэтая мадэль зайшла ў папулярных у Кітаі ролевых гульнях. У іх удзельнікі атрымліваюць персанажаў і некалькі гадзін разыгрываюць загадзя напісаную гісторыю.

У рамантычнай версіі такой гульні жанчына можа заплаціць мужчыну-вядучаму, які на некалькі гадзін становіцца яе каханым паводле сцэнарыя. Ён прызнаецца ёй у пачуццях, падтрымлівае яе, можа трымаць за руку ці абдымаць. Асабліва папулярныя гісторыі, пабудаваныя вакол ідэі безумоўнай адданасці: мужчынскі персанаж пры любых абставінах застаецца на баку гераіні.

Адно з пастановачных фота з мужчынай-мадэллю. Фота: кітайская сацыяльная платформа Xiaohongshu (RedNote) / scmp.com

Як адзначаюць даследчыкі, папулярнасць падобных паслуг расце на фоне прыкметных змен у асабістым жыцці маладых кітайцаў. Людзі пазней уступаюць у шлюб, а саміх шлюбаў у краіне ў апошнія гады стала значна менш. Адначасова ўсё больш людзей жывуць адны. Гэта стварае попыт на паслугі, якія дазваляюць атрымаць кампанію і эмацыйную блізкасць без доўгатэрміновых адносін.

І пакуль адны бачаць у гэтым новае поле для бізнэсу, іншыя папярэджваюць: калі блізкасць ператвараецца ў паслугу, будаваць рэальныя адносіны можа стаць яшчэ складаней.

Чытайце таксама:

«Яна апраналася проста і выглядала сумленнай». Адзінокіх кітайскіх мужчын усё часцей дураць фіктыўнымі нявестамі

Што каштоўнейшае для людзей, сэкс ці блізкасць? Даследчыкі пераконваюць, што блізкасць перамагае, бо яе нельга купіць

Не толькі Tinder. Дзе цяпер шукаць пару — на ўсё жыццё і на адну ноч

Каментары да артыкула