БЕЛ Ł РУС

У «Мінсктрансе» расказалі, чаму ў Мінску аўтобусы і тралейбусы спазняюцца і знікаюць з маршрутаў

3.10.2026 / 09:47

Nashaniva.com

У сацыяльных сетках пасажыры расказалі пра праблемы з некалькімі маршрутамі грамадскага транспарту.

Адна з мінчанак звярнула ўвагу на працу аўтобуса №175С, а таксама тралейбусаў №29 і №61. Паводле яе слоў, транспарт не заўсёды прыходзіць у пазначаны час, пры гэтым пасажыры не атрымліваюць своечасовай інфармацыі пра затрымкі, піша «Мінская праўда».

Яшчэ адна жыхарка сталіцы паскардзілася на аўтобус №130. Яна расказала, што маршрут, паводле яе назіранняў, некалькі разоў на тыдзень можа не прыходзіць раніцай і ўвечары.

На прадпрыемстве патлумачылі, што збоі ў графіку руху наземнага транспарту ў гадзіны пік могуць быць звязаныя са складанай дарожнай сітуацыяй.

Акрамя таго, прычынай затрымак становяцца эксплуатацыйныя праблемы непасрэдна на лініі.

Пры гэтым пасажыры могуць адсочваць рух транспарту з дапамогай электронных табло на прыпынках і сэрвісу «Віртуальнае табло».

Што азначае «ЗТ» на электронным табло

У «Мінсктрансе» патлумачылі, што сістэма разлічвае меркаваны час прыбыцця транспарту на прыпынак. Калі рух па маршруце парушаецца, праграмна-апаратны комплекс пералічвае час чакання пасля таго, як транспарт праходзіць папярэднія прыпынкі.

Аднак дакладна вызначыць, колькі аўтобус ці тралейбус, напрыклад, прастаіць у дарожным заторы, сістэма пакуль не можа.

У такіх выпадках на электронным табло побач з нумарам маршруту з'яўляецца пазначэнне «ЗТ» — «затрымка транспарту».

Такім чынам, калі аўтобус ці тралейбус не прыходзіць у пазначаны час, пасажырам рэкамендуюць арыентавацца не толькі на звычайны расклад, але і на даныя электроннага табло або «Віртуальнага табло».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула