БЕЛ Ł РУС

«Рыхтуюцца новыя справы». Як адбываюць 15‑гадовыя тэрміны былыя маёры КДБ Акінчыцы

3.10.2026 / 19:25

Nashaniva.com

Шабля ў ножнах, 3000 еўра і бутэлька польскай гарэлкі — такі пералік рэчавых доказаў можна знайсці ў адной з самых малавядомых шпіёнскіх справаў у Беларусі. Яе фігуранты сужэнцы Юрый і Ірына Акінчыцы. Іх у 2014 годзе асудзілі на максімальны (на той момант) тэрмін за дзяржаўную здраду — шпіянаж на карысць Польшчы. Тэлеканал «Белсат» паразмаўляў з некалькімі людзьмі, якія перасякаліся з імі за кратамі, і аднавіў справу сужэнцаў, якіх цяпер хочуць кінуць за краты яшчэ на некалькі гадоў па 411 артыкуле.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Intex-press

Першыя 5 гадоў у турме, астатнія — у калоніі  

«Белсат» атрымаў інфармацыю пра знаходжанне за кратамі Юрыя і Ірыны Акінчыцаў і зрабіў запыт у Belpol, які падзяліліўся выпіскай з прысуду Вярхоўнага суда. 

Ён быў абвешчаны Акінчыцам 10 верасня 2014 года. Справу Вярхоўны суд разглядаў у закрытым рэжыме. Старшынстваваў тады суддзя Аляксандр Лупіновіч. Пазней ён, у прыватнасці, разглядаў справу капітана Генштаба Дзяніса Урада, якога ў 2021 годзе асудзілі на 18 гадоў паводле арт. 356 КК, за здраду дзяржаве. Праваабарончая супольнасць прызнала Урада палітычным зняволеным, адзначаючы, што ён дзейнічаў у грамадскіх інтарэсах. У 2022 годзе Лупіновіч выйшаў у адстаўку з пасады суддзі Вярхоўнага суда.

Дзяржаўнае абвінавачанне ў справе Акінчыцаў падтрымліваў старшы пракурор Генеральнай пракуратуры Мікалай Жэчка, які ў тыя гады выступаў абвінаваўцам і ў шэрагу іншых гучных крымінальных працэсаў — у тым ліку ў справе Аляксандра Грунова, асуджанага да смяротнага пакарання, і пазней у справе былых суддзяў Эканамічнага суда Мінска.

Юрый Акінчыц нарадзіўся 20 чэрвеня 1978 года ў Рудзенску Пухавіцкага раёна. Ён меў вышэйшую адукацыю, раней не быў судзімы і са жніўня 2000 года служыў у КДБ. Паводле інфармацыі «Белсата», ён працаваў у эканамічным падраздзяленні КДБ. 

У прысудзе ён пазначаны як маёр вайсковай часці 10091. Акінчыц быў узнагароджаны медалём «За бездакорную службу» III ступені. На момант ягонага арышту ў сям’і было двое дзяцей — 2002 і 2012 гадоў нараджэння. Юрыя затрымалі 31 траўня 2013 года. 

Ірына Акінчыц нарадзілася 19 сакавіка 1978 года ў Мінску. Яна таксама мела вышэйшую адукацыю, не была раней судзімая, служыла ў той жа вайсковай часці 10091 і мела званне маёра. У КДБ яна працавала са жніўня 1999 года і таксама мела медаль «За бездакорную службу» III ступені. Паводле інфармацыі «Белсата», яе праца была звязаная са знешняй разведкай. Пад варту Ірыну ўзялі 11 чэрвеня 2013 года.

Юрыя Акінчыца прызналі вінаватым паводле часткі 1 артыкула 356 Крымінальнага кодэкса. У прысудзе гаворыцца пра «выдачу замежнай дзяржаве і яе прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь», шпіянаж і іншую дапамогу замежнай дзяржаве ў дзейнасці на шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі. Паводле інфармацыі «Белсата», замежнай дзяржавай, пра якую ішла гаворка ў справе, была Польшча.

Ці сапраўды быў факт шпіянажу? Паводле інфармацыі Belpol, так. Мяркуецца, што Юрый Акінчыц нібыта здаў беларускіх агентаў, якія ў тыя гады працавалі ў Польшчы. Дакументальных пацвярджэнняў гэтаму няма, але такая версія існуе.

Выпіска з прысуду не раскрывае, якія менавіта сакрэтныя звесткі былі перададзеныя, каму і пры якіх абставінах. Няма ў ёй і інфармацыі пра канкрэтных прадстаўнікоў польскага боку. Працэс быў закрытым, таму значная частка абставін справы дагэтуль невядомая. 

Акрамя дзяржаўнай здрады, Юрыя прызналі вінаватым у падробцы пасведчання і выкарыстанні заведама падробленага дакумента. За гэта яму асобна прызначылі тры месяцы арышту. Па сукупнасці злачынстваў канчатковае пакаранне склала 15 гадоў і адзін месяц пазбаўлення волі. Першыя пяць гадоў Акінчыц правёў ў турме, астатні тэрмін — у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Ірыну Акінчыц таксама асудзілі паводле часткі 1 артыкула 356 КК. Суд прызнаў яе вінаватай у выдачы дзяржаўных сакрэтаў замежнай дзяржаве і яе прадстаўніку, а таксама ў аказанні дапамогі замежнай дзяржаве ў дзейнасці на шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі. Ёй прызначылі 15 гадоў пазбаўлення волі: першыя пяць гадоў — у турме, наступныя — у калоніі агульнага рэжыму.

Былы палітвязень Дзмітрый Міхайлаў, які знаходзіўся з Юрыем Акінчыцам за кратамі, кажа, што ягоная жонка фактычна «пайшла за ім цягніком». Па яго інфармацыі, яна не была датычная да справы. Афіцыйных пацвярджэнняў гэтаму няма. 

Абодвух пазбавілі звання маёра. Акрамя гэтага, Юрыю і Ірыне на пяць гадоў забаранілі займаць пасады ў сілавых структурах і пасады, звязаныя з доступам да дзяржаўных таямніц. 

Адлік пакарання суд пастанавіў весці з 10 верасня 2014 года, але залічыў у тэрмін час, праведзены пад вартай да суда: Юрыю — з 31 траўня 2013 года, Ірыне — з 11 чэрвеня 2013-га. 

Фрагмент выпіскі з прысуду Акінчыцам. Скрыншот: Belpol

215 мільёнаў рублёў, польская гарэлка і шабля

Акрамя турэмных тэрмінаў, Вярхоўны суд пастанавіў салідарна спагнаць з мужа і жонкі 215 мільёнаў 680 тысяч недэнамінаваных беларускіх рублёў (21 568 рублёў пасля дэнамінацыі). У прысудзе гэтыя грошы названыя «даходам, атрыманым злачынным шляхам».

Спагнанне наклалі ў тым ліку на маёмасць Юрыя Акінчыца: аўтамабіль Hyundai Accent 2011 года выпуску, тэлефоны Motorola L6 і Nokia E71, 112 даляраў ЗША і 1 700 150 беларускіх рублёў да дэнамінацыі. 

Асобна ў прысудзе пералічаныя рэчавыя доказы. Суд пастанавіў канфіскаваць 3000 еўра, шаблю ў ножнах, бутэльку польскай гарэлкі Dębowa Polska і DVD-дыск Bitwa pod Wiedniem. 

Прысуд Вярхоўнага суда набыў моц адразу пасля абвяшчэння і, як пазначана ў дакуменце, не падлягаў касацыйнаму абскарджанню ці апратэставанню.

«Першыя два з паловай гады — у адзіночных камерах»

Пра тое, як Акінчыцы адбывалі пакаранне пасля суда, «Белсату» расказалі людзі, якія пазнаёміліся з Юрыем яшчэ ў калоні. Яны падкрэсліваюць, што сам Акінчыц ніколі не дзяліўся дэталямі крымінальнай справы, працэс праходзіў у надзвычайна закрытым рэжыме, і каб не атрымаць дадатак да тэрміну, Юрый абраў тактыку маўчаць, як і ягоная жонка.

Па словах суразмоўцы, пасля прысуду і Юрый, і Ірына былі адпраўленыя ў крытыя турмы. Першыя два з паловай гады, сцвярджае ён, абодва правялі ў адзіночных камерах. Яны не атрымлівалі інфармацыі ні адно пра аднаго, ні пра дзяцей. Пасля гэтага, паводле яго, яшчэ прыкладна два з паловай гады яны заставаліся ў турмах, але ўжо ў агульных камерах.

Пасля Юрыя перавялі ў папраўчую калонію № 3 у Віцебску, а Ірыну — у жаночую калонію ў Гомелі.

Адной з найбольш цяжкіх дэталяў у гісторыі Акінчыца Дзмітрый Міхайлаў называе ягоныя адносіны з дзецьмі. Ён кажа, што асабіста быў у калоніі ў той час, калі дзеці ўпершыню пасля затрымання прыехалі да Юрыя на спатканне. Паводле ягоных успамінаў, гэта было на пачатку 2024-га. 

Юрый і Ірына таксама шмат гадоў фактычна не мелі кантакту адно з адным. Іншы суразмоўца сцвярджае, што нейкія навіны пра жонку Юрый упершыню змог атрымаць ад дзяцей, калі тыя прыехалі на спатканне.

«Дзесяць гадоў у іх не было адно пра аднаго ніякай інфармацыі, натуральна, ніякай інфармацыі і магчымасці неяк паміж сабой перапісвацца ці размаўляць», — кажа суразмоўца. 

Беларуская мова і прафілактычны ўлік

Былы палітвязень Дзмітрый Міхайлаў, які сядзеў разам з Акінчыцам, апісвае яго як закрытага, але моцнага чалавека. У калоніі Юрый шмат чытае, гуляе у шахматы і, паводле слоў некалькіх суразмоўцаў, стаў вернікам, ходзіць у царкву. Працуе Акінчыц у калоніі на прамзоне. Спачатку — у дрэваапрацоўчым цэху, дзе пілаваў бярвенні на дошкі. Пасля закрыцця гэтага цэху яго перавялі на разборку металу. Паводле іншага суразмоўцы «Белсата», Акінчыц імкнуўся ўвесь час быць занятым і шукаў сабе працу.

Міхайлаў узгадвае стаўленне Юрыя Акінчыца да беларускай мовы. Паводле яго, Юрый шмат чытаў, цікавіўся беларускай культурай і пісаў свае звароты ў дзяржаўныя органы па-беларуску. 

Аднойчы Акінчыц напісаў па-беларуску зварот у Вярхоўны суд. Пасля гэтага яго выклікалі ў адміністрацыю калоніі і паставілі на прафілактычны ўлік як «схільнага да суіцыду». Зрабіў гэта намеснік начальніка папраўчай калоніі № 3 па рэжыме і аператыўнай працы, маёр унутранай службы Дзяніс Федчанка.

На практыцы гэта азначае больш жорсткі кантроль: зняволены часцей знаходзіцца пад наглядам супрацоўнікаў калоніі і праходзіць дадатковыя праверкі. Суразмоўцы «Белсата» удакладняюць, што суіцыдальных схільнасцяў і спроб суіцыду ў Акінчыца ніколі не было. 

 Цікавасць Акінчыца да беларускай мовы фіксавалася яшчэ задоўга да ягонага арышту. У 2009 годзе «Наша Ніва» апублікавала зварот 203 прадстаўнікоў навукі, культуры, бізнэсу і студэнтаў з заклікам пашырыць ужыванне беларускай мовы. Сярод падпісантаў быў пазначаны «Юрый Акінчыц, службовец». 

Зняволеныя ІК-4 шыюць спартыўную форму. Гомель, жнівень 2018 года. Фота: БелТА

Пра справу аб шпіянажы казаў сам Лукашэнка 

Яшчэ да суда справа атрымала публічны працяг, хоць імёнаў яе фігурантаў улады не называлі.

26 ліпеня 2013 года Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам, што ў Беларусі затрымалі супрацоўніка спецслужбаў, якога ён назваў «здраднікам». Паводле яго, гэты чалавек быў звязаны з замежнымі дзяржавамі праз прадстаўнікоў Каталіцкага касцёла. 

«Ён не толькі перадаваў інфармацыю, але праз яго дзейнасць пацярпелі людзі, якія працуюць за мяжой», — казаў Лукашэнка.

Імя затрыманага Лукашэнка тады не назваў. Але вядома, што Юрый Акінчыц быў затрыманы 31 траўня 2013 года і пазней асуджаны за дзяржаўную здраду і шпіянаж.

У той жа дзень, 31 траўня, быў затрыманы каталіцкі святар Уладзіслаў Лазар. Пра ягонае затрыманне публічна стала вядома пазней. У ліпені прадстаўнік Каталіцкай царквы Юрый Санько пацвердзіў сам факт затрымання, але тады не стаў сцвярджаць, што справа Лазара звязаная менавіта з тым «шпіёнскім скандалам», пра які некалькімі днямі раней казаў Лукашэнка. 

У верасні 2013 года з’явілася больш канкрэтная інфармацыя. Паводле паведамлення КДБ, на якое спасылаліся Каталіцкі касцёл і незалежныя медыі, Лазару ставілі ў віну перадачу грошай і матэрыяльных каштоўнасцяў чалавеку, якога абвінавачвалі ў шпіянажы на карысць іншай дзяржавы. Сам Лазар віны не прызнаваў.

Лазара абвінавачвалі паводле таго ж артыкулу 356 КК — «здрада дзяржаве», але як саўдзельніка. Ён больш за паўгода правёў у СІЗА КДБ, пасля быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе. Да суда ягоная справа ў выніку не дайшла.

Ксёндз Уладзіслаў Лазар. Фота: Catholic.by

Новая крымінальная справа

Сужэнцы Акінчыцы павінны былі б выйсці на волю ў чэрвені 2028 года. Але суразмоўцы «Белсата», у тым ліку Дзмітрый Міхайлаў, сцвярджаюць, што і Юрыю, і Ірыне рыхтуюць новыя крымінальныя справы за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы.

У турэмным асяроддзі такую практыку часта называюць «раскруткай»: асуджанаму паслядоўна выпісваюць дысцыплінарныя спагнанні, прызнаюць злосным парушальнікам рэжыму, пасля чаго матэрыялы могуць стаць падставай для новай крымінальнай справы.

У выніку, кажа ён, адміністрацыя фіксуе вялікую колькасць парушэнняў і сцвярджае, што зняволены сістэматычна не падпарадкоўваецца яе патрабаванням. 

На момант размовы, паводле суразмоўцы, Ірыну ўжо вывезлі з гомельскай калоніі ў СІЗА, а Юрый знаходзіўся ў ПКТ — памяшканні камернага тыпу — у ІК-3 у Віцебску.

Ён сцвярджае, што адміністрацыя ІК-3 таксама падрыхтавала дакументы адносна Юрыя і накіравала іх для разгляду пытання аб прыцягненні яго да адказнасці паводле артыкула 411. 

Наколькі вядома, увогуле прыкладна ў 2024 годзе стаўленне адміністрацыі калоніі да Юрыя Акінчыца рэзка пагоршылася. Яго пачалі перыядычна адпраўляць у штрафны ізалятар. Суразмоўца кажа пра працяглыя тэрміны — 30—40 сутак ШІЗА, а таксама пра пераводы з аднаго атрада ў іншы. 

Прыкладна ў гэты ж перыяд ціск пачаўся і на яго жонку. У траўні 2026 года «Вясна» пісала, што Ірына Акінчыц стала рэгулярна трапляць у ШІЗА і ПКТ. Былая палітзняволеная, на якую спасылалася «Вясна», лічыла, што гэта звязана менавіта з артыкулам, паводле якога Акінчыц была асуджаная.

Пры гэтым «Белсат» не мае судовых рашэнняў, якія б пацвярджалі, што Акінчыцаў ужо асудзілі паводле артыкула 411. Таму інфармацыю пра магчымы новы тэрмін трэба разглядаць менавіта як сведчанне крыніцы.

Сам суразмоўца мяркуе, што кожнаму з іх могуць дадаць яшчэ год ці два зняволення. Акрамя таго, ён кажа, што ў Ірыны ёсць сур’ёзнае анкалагічнае захворванне, звязанае з галаўным мозгам, і што яе родныя не маюць поўнай інфармацыі пра яе цяперашні стан. 

На пытанне, чаму на сужэнцаў могуць так ціснуць, суразмоўца адказвае так: «Яны іх асабістыя ворагі, бо былі дзяржслужбоўцамі. Прайшло шмат гадоў з іх прысуду, але пра іх перыядычна ўзгадваюць у газеце «На страже» якая выдаецца для унутранага карыстання і распаўсюжваецца толькі сярод супрацоўнікаў КДБ (не блытаць з агульнадаступнай газетай «На страже», якую выдае Міністэрства унутраных спраў)». 

Ці можна лічыць ціск на іх палітычна матываваным? 

У каментары «Белсату» юрыстка «Вясны» Святлана Галаўнёва тлумачыць, што сам па сабе статус чалавека — ці з’яўляецца ён апазіцыйным палітыкам, журналістам, праваабаронцам або іншай публічнай асобай — не з’яўляецца вызначальным.

Пад «палітычным матывам» праваабаронцы разумеюць схаваную за юрыдычным абвінавачаннем зацікаўленасць уладаў у пераследзе чалавека дзеля ўмацавання або ўтрымання ўлады, а таксама прымусовага спынення ці змены характару ягонай публічнай дзейнасці. Такое разуменне выпрацаванае кааліцыяй беларускіх праваабарончых арганізацый і абапіраецца ў тым ліку на практыку Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы.

Праваабаронца падкрэслівае: для высновы пра палітычны характар пераследу істотна не столькі тое, кім з’яўляецца сам чалавек, колькі тое, што менавіта яму інкрымінуюць, як дзейнічаюць улады і якія могуць быць іх рэальныя матывы.

У некаторых выпадках пра палітычны характар пераследу можа сведчыць ужо сам артыкул Крымінальнага кодэкса. У іншых выпадках праваабарончая супольнасць арыентуецца на сукупнасць абставін справы — напрыклад, на грубыя парушэнні стандартаў справядлівага суда або адсутнасць доступу да дэталяў абвінавачання.

Паводле слоў праваабаронцы, гэта асабліва актуальна для спраў, звязаных з агентурнай дзейнасцю, шпіянажам або тэрарызмам, дзе з-за закрытасці працэсаў праваабаронцы часта не маюць магчымасці ў поўнай меры вывучыць сутнасць абвінавачання.

Асуджаны ў судзе. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: LookByMedia

Што да катаванняў, жорсткага або бесчалавечнага абыходжання, самі па сабе яны яшчэ не дазваляюць аўтаматычна зрабіць выснову, што пераслед мае палітычны матыў. Для гэтага, тлумачыць праваабаронца, трэба разумець мэту такога абыходжання. Калі гэтая мэта адпавядае крытэрам палітычнага матыву, тады і само жорсткае абыходжанне можа разглядацца як частка палітычна матываванага пераследу.

Аднак такая выснова, падкрэслівае праваабаронца, патрабуе дэталёвага вывучэння матываў тых, хто прымае рашэнні адносна зняволенага. 

Пры гэтым «Вясна» ўжо некаторы час фіксуе больш шырокую тэндэнцыю: жорсткія практыкі ў беларускай пенітэнцыярнай сістэме закранаюць не толькі людзей, чый пераслед прызнаны палітычна матываваным.

Катаванні, жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, якія выкарыстоўваюцца ў межах палітычна матываванага пераследу, распаўсюджваюцца і на іншых людзей, якія трапляюць у пенітэнцыярную сістэму.

Чытайце таксама:

Палітзняволены грамадзянін Латвіі атрымаў у СІЗА дубінкай за тое, што заступіўся за беларускамоўнага зняволенага

Палітвязень зрабіў сэлфі проста ў камеры СІЗА на Валадарскага

«Ці вартыя прынцыпы страчаных гадоў жыцця?» Наталля Дуліна — пра калонію, высылку і жыццё пасля гэтага

Каментары да артыкула