У Іспаніі жыллёвы крызіс — дзясяткі тысяч чалавек выйшлі на пратэсты
Удзельнікі акцыі пратэсту скардзяцца, што на арэнду ідзе палова заробку: аднапакаёвая кватэра ў Мадрыдзе каштуе каля 1000 еўра, гэта палова медыяннага заробку.
Пратэст у Мадрыдзе. Надпіс на плакаце — «Насустрач усеагульнаму страйку». 3 кастрычніка 2026 года. Фота: AP Photo/Andrea Comas
У Іспаніі прайшлі масавыя пратэсты, звязаныя з жыллёвым крызісам, апісвае The Guardian.
3 кастрычніка дзясяткі тысяч людзей выйшлі на вуліцы Мадрыда і іншых гарадоў з патрабаваннем вырашыць праблему даступнасці жылля. Па даных улад, пратэставала 70 тысяч чалавек, арганізатары называюць лічбу 500 тысяч. Удзельнікі заклікалі да ўсеагульнага страйку.
Нагодай для гневу стала высяленне 87‑гадовай жанчыны на інвалідным вазку з кватэры ў Мадрыдзе, дзе яна пражыла 70 гадоў. Інвестфонд, які купіў кватэру, падняў арэнду на 230%, і яна не змагла плаціць. У адказ урад Педра Санчэса падрыхтаваў два дэкрэты, у тым ліку забарону высяленняў да 2030 года і рэгуляванне кароткатэрміновай і пакаёвай арэнды. Але 2 кастрычніка парламент іх не прыняў: супраць прагаласавалі кансерватыўная Народная партыя, ультраправая Vox і каталонская партыя Junts. Народная партыя тлумачыць сваю пазіцыю тым, што жыллё становіцца даступнейшым не праз дэкрэты, а праз будаўніцтва.
Удзельнікі акцыі пратэсту скардзяцца, што на арэнду ідзе палова заробку: аднапакаёвая кватэра ў Мадрыдзе каштуе каля 1000 еўра, гэта палова медыяннага заробку. Прадстаўніца Саюза арандатараў, які арганізаваў акцыю, сцвярджае, што ціск вуліцы за некалькі дзён даў больш, чым урад за многія гады.
Паводле іспанскіх СМІ, Санчэс можа абвясціць датэрміновыя выбары ў лістападзе і будзе ацэньваць маштаб пратэстаў, перш чым прыняць рашэнне. Тэма жылля цяпер дамінуе ў грамадскай дыскусіі і нават дапамагла ўраду, адцягнуўшы ўвагу ад нядаўніх падзей у Сеуце.