БЕЛ Ł РУС

Калеснікава: Вайна, якую пачала Расія, не проста супраць Украіны. Гэта вайна супраць еўрапейскіх каштоўнасцяў

4.10.2026 / 19:51

Nashaniva.com

«Усе дыктатары ў свеце, Сталін і Гітлер, Пуцін і Лукашэнка, ненавідзелі незалежную культуру».

Марыя Калеснікава. Фота: LookByMedia

Марыя Калеснікава стала госцяй прэстыжнага музычнага Бетховенскага фестывалю ў Боне, дзе 2 кастрычніка выступіла з праграмнай прамовай, піша нямецкае выданне Deutsche Welle. Яна расказала, як музыка дапамагла ёй выжыць у адзіночнай камеры, і патлумачыла, чаму аўтарытарныя рэжымы панічна баяцца незалежнага мастацтва.

«Знешнюю свабоду ў чалавека можна адабраць, часам амаль цалкам. Можна абмежаваць яго свабоду перамяшчэння, кантакты з іншымі людзьмі і доступ да інфармацыі. Але значна цяжэй кантраляваць тое, што ўжо стала часткай яго памяці, уяўлення і ўнутранага досведу. І менавіта ў гэтым для мяне крыецца тлумачэнне, чаму культура такая важная для свабоднага грамадства і чаму аўтарытарныя сістэмы так часта ставяцца да яе з недаверам», — заявіла Калеснікава.

Гаворачы пра стаўленне рэжымаў да мастацтва, яна дадала: «Усе дыктатары ў свеце, Сталін і Гітлер, Пуцін і Лукашэнка, ненавідзелі незалежную культуру, нават калі яна не мае прамога палітычнага падтэксту».

Калеснікава прызналася, што мастацтва стала сродкам выжывання і ў турме яна не адчувала сябе ахвярай, бо насіла свой досвед унутры сябе.

«Я правяла вельмі шмат часу ў поўнай цішыні. Але гэтая цішыня амаль ніколі не была пустой, бо ў маёй галаве пастаянна гучала музыка. Мы, музыкі, вельмі добра ведаем гэты стан: часам мелодыя або музычная фраза настолькі ўядаецца ў галаву, што ад яе проста немагчыма пазбавіцца. У звычайным жыцці гэта можа нават раздражняць. У турме ж я ўпершыню зразумела, што менавіта гэта можа быць вялікім шчасцем», — расказала былая палітзняволеная.

Падчас панэльнай дыскусіі Марыя выказалася наконт расійскай агрэсіі. Яна згадала, што ўсведамленне маштабу трагедыі прыйшло да яе адразу, як толькі ў лютым 2022 года да турмы дайшлі навіны пра ўварванне:

«Часта гучыць пытанне: што мы абараняем ва Украіне? Навошта нам так шмат грошай і ўсё новая зброя? Для мяне гэта цалкам зразумела: вайна, якую пачала Расія, не проста супраць Украіны. Гэта вайна супраць еўрапейскіх каштоўнасцяў і еўрапейскай культуры. Гэта вайна супраць нашай цывілізацыі».

Сёння сваю місію Калеснікава бачыць у тым, каб нагадваць свету пра лёс больш як 800 палітычных зняволеных, якія застаюцца ў беларускіх турмах, а таксама абараняць свабоду мастацкага выказвання.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула